У «Белнафтахіме» распавялі, колькі Менск не даплочвае да сусветных коштаў на нафту


У другой палове дня 3 студзеня беларускі канцэрн «Белнафтахім» выпусціў на сваім афіцыйным сайце прэс-рэліз з нагоды спынення паставак расейскай нафты на айчынныя НПЗ.

Канцэрн сцвярджае, што працягвае перамоўны працэс з расейскімі партнёрамі адносна заключэння новых кантрактаў, аднак пакуль яны не падпісаныя.

«Сітуацыя, што склалася – не лепшы этап у эканамічнай супрацы з расейскімі партнёрамі. Так, з улікам рэалізацыі чарговага этапу падатковага манеўру ў Расейскай Федэрацыі кошт на «танную бязмытную расейскую нафту» на сённяшні дзень складае 83 адсоткі ад сусветнай. Безумоўна, з улікам кампенсацыі, якую Расейская Федэрацыя прадстаўляе сваім нафтаперапрацоўчым заводам, гэта негатыўна адбіваецца на дыспарытэце коштаў на ўнутраных рынках Расеі і Беларусі», – адзначаецца ў рэлізе.

Разам з тым, у канцэрне падкрэсліваюць: у цяперашні час беларускія НПЗ працуюць у штатным рэжыме. Былі прынятыя меры па аптымізацыі загрузкі вытворчых магутнасцяў, што дазволіла павялічыць назапашванне рэсурсаў нафты для яе далейшай перапрацоўкі.

«Наяўныя запасы паліва, а таксама рэжым працы айчынных НПЗ дазваляюць у поўным аб’ёме забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку ва ўсіх відах маторнага паліва і іншых нафтапрадуктаў», – заявіў «Белнафтахім».

  • Ад 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ, а Беларусь была вымушаная спыніць эскпапрт нафтапрадуктаў, каб эканоміць рэсурсы для ўнутраных патрэбаў.
  • Прадстаўнікі Літвы і Латвіі выказалі гатоўнасць аказаць Беларусі паслугі па перагрузцы, захоўванню і транспартаванню нафты. З латвійскага боку з адпаведнаю заяваю выступіла Міністэрства транспарту, з боку Літвы пра магчымасць транспартаваць у Беларусь да 3 млн тонаў нафты на год заявілі ў кампаніі LG Cargo, якая зʼяўляецца часткаю Літоўскай чыгункі.
Абноўлена
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. А мы – экспарт нафтапрадуктаў
2020.01.03 09:09

КА belsat.eu

Стужка навінаў