Белгідрамет абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі на панядзелак – маразы да мінус 29


Пры такой тэмпературы могуць адмяніць заняткі ў школе.

Белгідрамет папярэджвае аб неспрыяльнай метэаралагічнай з’яве – аранжавы ўзровень небяспекі абʼяўлены на панядзелак з прычыны моцных маразоў.

У начныя гадзіны 18 студзеня ў многіх раёнах краіны мінімальная тэмпература паветра апусціцца да -25… 29 °C.

У Менскай вобласці 18 студзеня ў многіх раёнах будзе да -25… 29 °C. У Менску тэмпература паветра апусціцца да -25… 26 °C.

Пры такой тэмпературы могуць адмяніць заняткі ў школе. У «Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі» напісана: калі а 7.00 слупок тэрмометра апускаецца да -25 °C і ніжэй, а хуткасць ветру большая за 3 м/с, адукацыйны працэс могуць прыпыніць. Рашэнне пра гэта прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

Што да працы дзіцячых садкоў, то ў «Патрабаванні для ўстаноў дашкольнай адукацыі» пра неспрыяльныя ўмовы надворʼя сказана наступнае: калі тэмпература -15 °С і ніжэйшая, а хуткасць ветру большая за 3 м/с, то кіраўнік установы можа адмяніць або скараціць прагулкі дзяцей да 3 гадоў. Калі малым ад 3 да 7 гадоў, то змены ў іх дзённы расклад уносяць пры тэмпературы -18 °С і ветры, мацнейшым за 3 м/с.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў