«Белавія» вырашыла прадаць стары самалёт Лукашэнкі за некалькі мільёнаў


Авіякампанія хоча прадаць Ту-154M, які раней выконваў ролю борту № 1, за $ 2 млн. ​Пачатковы кошт самалёта – 4 292 900 рублёў. 10 % ад гэтай сумы трэба пакінуць у якасці задатку, калі вы зберацеся браць удзел у аўкцыёне.

Таргі пройдуць 5 снежня. Пра гэта паведамляе Менскі гарадскі цэнтр нерухомасці.

Усяго ў «Белавіі» 3 самалёты Ту-154М і ўсе яны ўжо даўно абслугоўваюць чартарныя рэйсы.

Лукашэнка не раз скардзіўся, што праз узровень шуму і выкідаў Тупалева яго не пускаюць на Захад.

У 2011-ым для Лукашэнкі набылі «Boeing 767» у VIP-камплектацыі, які належаў кіраўніку Туркменістану Сапармурату Ніязаву. Самалёт сабралі адмыслова для Туркменбашы за $ 130 мільёнаў. У часы крызісу кіраўнік Беларусі жаліўся на тое, што ашчаджае: не купляе клюшак, канькоў, касцюмаў – толькі беларускай вытворчасці, абмяжоўвае сябе ў харчаванні ды спажывае выключна беларускае. Беларусі прэзідэнцкі «Boeing» абышоўся «менш, чым $ 100 мільёнаў». Гэткім чынам Лукашэнка «ашчадзіў», бо новы самалёт гэткай камплектацыі каштуе ў 2–2,5 разы даражэй.

Усяго ў авіяцыйным парку Лукашэнкі цяпер 3 самалёты: амерыканскі Boeing 737-800/BBJ2 EW-001PA, канадскі Bombardier Challenger 850 EW-301PJ, Як-40 EW-88187, а таксама верталёт Мі-8 EW-25049.

У адрозненне ад Лукашэнкі шмат якія еўрапейскія кіраўнікі лятаюць у звычайных пасажырскіх самалётах. Прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце лятала эканом-класам Вільня – Лондан лоўкостэру «Wizzair». Рэйсавым самалётамі лятае і былы прэзідэнт Латвіі Андрыс Бэрзыньш, у якога няма свайго летака. Авіяпарку не мае і кіраўніцтва Польшчы. Былы прэм’ер Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран лятаў у адпачынак да жонкі і дзяцей таксама таннымі лініямі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў