Беларусы будуць выходзіць на пенсію на тры гады пазней


Пра гэта журналістам паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Марʼяна Шчоткіна пасля адмысловай нарады ў пытаннях удасканалення пенсійнай сістэмы.

Паводле кіраўніцы міністэрства, для дзяржавы больш выгадны варыянт, калі жанчыны выходзяць на пенсію ў 60 гадоў, а мужчыны – у 63 гады. Варыянт выхаду на пенсію ў 58 і 63 гады кампрамісны і больш мяккі бо ўлічвае павышаную працоўную нагрузку на жанчын. Марʼяна Шчоткіна звярнула ўвагу на тое, што жанчыны даўжэй працуюць і займаюцца хатняй гаспадаркай.

«На пачатку абмеркавання гэтых варыянтаў, калі эканамічны блок стаў даказваць больш рацыянальныя падыходы з пункту гледжання эканомікі, то прэзідэнт прыняў валявое рашэнне і сказаў, што іншыя варыянты проста не будуць разглядацца. Так, нашыя жанчыны сёння маюць патрэбу ў падтрымцы, і мы яе будзем аказваць. Таму варыянт, які прызнаны самым прымальным сёння на нарадзе i па выніках абмеркавання, – гэта паступовае павышэнне пенсійнага ўзросту, з крокам у 6 месяцаў, пачынаючы з 1 студзеня 2017 года, жанчынам – да 58, мужчынам – да 63 гадоў», – сказала Марʼяна Шчоткіна.

25 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на наступным тыдні падпіша дакументы па ўдасканаленню пенсійнай сістэмы.

«Сёння мы павінны выйсці на вырашэнне гэтай праблемы, каб, як і па ЖКГ, так і па гэтым пытанні, паставіць кропку, і на будучым тыдні прэзідэнт падпісаў адпаведныя дакументы, прыняўшы рашэнне па гэтых пытаннях», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў