Беларускія рэжысёры знялі рэпартажы пра гарачы жнівень 2020


Дакументалісты Андрэй Куціла, Кацярына Маркавец і Максім Швед знялі тры рэпартажы пра першыя дні пасля выбараў, якія ўскалыхнулі ўвесь свет.

«Што мы будзем рабіць заўтра?», Максім Швед

Максім – рэжысёр-дакументаліст, які імкнецца распавядаць гісторыі іншых людзей.

Працуючы над фільмам пра прэзідэнцкія выбары, ён становіцца сведкам, як узброеныя сілы міліцыі і вайскоўцаў гвалтоўна супрацьстаяць пратэстоўцам у Менску. Максім паварочвае камеру да сябе, але гэта рашэнне мае цану.

«Будзе красавік», Андрэй Куціла

Ксенія ўсё жыццё працавала на дзяржаўным тэлебачанні. За працу ў якасці журналіста яна была ўзнагароджана некалькімі прэміямі.

У дзень абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў яна і яе дачка вырашылі далучыцца да акцый пратэсту супраць фальсіфікацый. Ніхто не чакаў, што ноч і наступныя дні могуць ператварыцца ў гвалт з боку ўладаў.

«Як я магу табе дапамагчы?», Кацярына Маркавец

Пасля жорсткага разгону мірных акцый беларускія псіхолагі запусцілі валанцёрскую службу падтрымкі.

Аляксей дапамагае пацярпелым перажыць гэтыя складаныя падзеі. Да яго звяртаюцца людзі, якія перажылі гвалт з боку АМАПу, а таксама беларусы, якія не ведаюць, як жыць у роднай краіне далей. Быць побач і падтрымліваць іх у такой сітуацыі няпроста нават прафесіяналу.

belsat.eu

 

Стужка навінаў