Беларускія праваабаронцы заклікаюць адмяніць парад 9 траўня


Праваабарончыя арганізацыі выпусцілі адкрытую заяву, у якой тлумачаць, як парад 9 траўня парушае правы чалавека і чаму яго трэба адмяніць.

Дзесяць беларускіх праваабарончых арганізацыяў падрыхтавалі заяву да кіраўніка краіны і Міністэрства абароны.

«Дзяржава павінна рабіць усё, каб ахоўваць жыццё чалавека. А не рабіць парад, дзе жыццё і здароўе грамадзянаў ставіцца пад пагрозу», – кажа ініцыятар заявы Сяргей Усцінаў, сябра праўлення «Прававой ініцыятывы».

У заяве праваабаронцы спасылаюцца на парады Сусветнай арганізацыі здароўя, якая рэкамендавала беларускім уладам адмовіцца ад правядзення масавых мерапрыемстваў.

Узгадваюць, што Беларусь абавязана дбаць аб здароўі і жыцці сваіх грамадзянаў — гэтыя правы гарантаваныя Канстытуцыяй і 12 артыкулам Міжнароднага пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурніцкіх правах.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што прымус студэнтаў да ўдзелу ў парадзе парушае права на мірныя сходы.

Сярод іншага, у заяве адзначаюцца рызыкі для здароўя ветэранаў, наведнікаў і вайскоўцаў праз немагчымасць забяспечыць неабходную дыстанцыю.

Беларусы патрабавалі адмяніць сёлета правядзенне параду ў сувязі ў эпідэміяй каронавірусу праз петыцыю, якая сабрала больш за 7 тысяч подпісаў.

Нагадем, што Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што не будзе адмяняць парад. «У нас няма падстаў адмяніць парад Перамогі. Перакананы, гэта ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей», – сказаў ён 4 траўня падчас размовы з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.

КТ Belsat.eu

Стужка навінаў