Беларускі жаўнер Французскага легіёну загінуў у Малі


Беларускі легіянер Андрэй Жук. Фота: defense.gouv.fr

2 снежня ў Парыжы прайшла нацыянальная цырымонія развітання з 13 вайскоўцамі, якія загінулі тыдзень таму ў Малі. Сярод іх – выхадзец з Беларусі, старшы сяржант Андрэй Жук, які 11 гадоў служыў у французскім Замежным легіёне.

Узначаліў цырымонію развітання прэзідэнт Эманюэль Макрон. У сваёй прамове ён падрабязна распавёў пра кожнага з 13 загінулых, піша RFI.

«Памяць пра француза – не паводле крыві, атрыманай у спадчыну ад продкаў, а паводле пралітай ім крыві. Ён быў бацькам чацвярых дзяцей. Ён зрабіў свой выбар – абараняць нашу краіну і нашы каштоўнасці», – заявіў кіраўнік Францыі пра беларускага легіянера.

Андрэю Жуку было 43 гады. У 2010 годзе ён атрымаў званне капрал, затым – унтэр-афіцэр, а 1 студзеня 2018 года яму надалі званне старшага сяржанта. У 2016 годзе беларус паступіў на службу ў элітнае падраздзяленне 27-ай горнастралковыя брыгады.

Андрэй Жук удзельнічаў у трох французскіх вайсковых аперацыях за мяжой. Са снежня 2010 года па красавік 2011 года нёс службу ў Афганістане. Двойчы ў 2018 годзе быў у шматмесячных камандзіроўках у Малі, у кароткіх камандзіроўках у Французскай Гвіяне і на французскай ваеннай базе ў Джыбуці. Кавалер бронзавага крыжа «За вайсковую доблесць» і некалькіх медалёў.

Загінуў 25 лістапада 2019 года падчас антытэрарыстычнай аперацыі ў Малі.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары