Беларускі дальнабойнік вёз тавары ў «ДНР», а цяпер другі месяц не можа вярнуцца да дому


Дальнабойнік з Беларусі Андрэй Шкляр з 1 жніўня жыве ў сваёй фуры на памежным пункце Куйбышава Растоўскай вобласці. Яму адмовілі ва ўездзе ў РФ і адабралі дакументы. Мужчына працуе ў прыватнай кампаніі ў Шчучыне і ехаў у Данецк транзітам праз Расею. Назад, той жа дарогай, вярнуцца ён не змог. Андрэй Шкляр распавёў пра тое, як другі месяц жыве на мяжы.

Кампанія, у якой працуе Андрэй Шкляр, аказвала паслугі перавозкі са Скідзелю ў Данецк. Да Данецку кіроўца даехаў без праблем, выгрузіўся. Вяртаючыся на пункце пропуску Куйбышава Растоўскай вобласці на мытні яму ўручылі апавяшчэнне, з якога вынікала, што ён неўязны на ў Расею па лініі МУС за нявыплату штрафаў. Мужчына распавядае, што ў яго было тры штрафы і дадае, што сплаціў іх цягам тыдня.

Андрэй Шкляр. Скрыншот відэаразмовы

З 1 жніўня ён стаіць на пункце пропуску і не можа нікуды з’ехаць. З прадстаўленых дакументаў вынікае, што Андрэй Шкляр не можа ўехаць на тэрыторыю Расеі да 20 лістапада 2021 года.

«Я сказаў памежнікам, што штрафы сплачаныя. У мяне квітанцыі ёсць, фатаграфіі, а яны сказалі, маўляў, пакуль вы будзеце ў нас у базе »Імпульс« вісець – не прапусцім». Я адразу паведаміў працадаўцу. Ён праз тыдзень прыехаў да мяне, пагаварылі, даў грошы».

Кіраўніцтва кампаніі пісала электронныя лісты ў МЗС Расеі і Беларусі, але адказу не прыйшло.

«Жыву на мяжы, кіроўцы міма праязджаюць ваду даюць, ежу. Памежнікі па чалавечы ставяцца. Прыносяць паесці».

Дакументы дальнабойніка знаходзяцца на пункце пропуску. Мужчына кажа, што ў яго забралі пашпарт і тэхпашпарт на машыну. Кіроўца прасіў іх вярнуць, але дакументы ўтрымліваюць і не кажуць, на якой падставе.

belsat.eu

Стужка навінаў