Упершыню беларускі ўдарны беспілотнік быў паказаны шырокай публіцы ў дзеянні 2 жніўня падчас святкавання Дня Сіл спецыяльных аперацый на базе 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады, піша сайт «Народныя навіны Віцебску».
Упершыню зʼявілася інфармацыя пра назоў апарата – «ударны квадракоптар 1400». Таксама дыктар паведаміў, што распрацаваны беспілотнік віцебскім Канструктарскім бюро «Дысплей».
Аднак на сайце Канструктарскага Бюро няма інфармацыі пра падобную прадукцыю – яно займаецца распрацоўкай манітораў, кампʼютараў і блокаў кіравання. Магчыма, мелася на ўвазе, што КБ займалася распрацоўкай менавіта комплексу кіравання і прыцэльвання для беспілотніка.
Беспілотнік падчас паказальнага бою разведвальнай роты 103-й брыгады вёў агонь па будынку, які быў заняты незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі.
Раней гэты квадракоптар «засвяціўся» у эфіры эфіры праграмы «Арсенал» беларускага «ВаенТБ» сёлета ўвясну. Аднак ягонае зʼяўленне ніяк не каментавалася вядоўцам.
У 2017 годзе адным з прыярытэтаў беларускай вайсковай прамысловасці названая распрацоўка беспілотных лятальных апаратаў, якія цяпер выкарыстоўваюцца амаль у кожным узброеным канфлікце. Першым буйным канфліктам, у якім БПЛА шырока выкарыстоўваюцца для выведкі і карэктыроўкі артылерыйскага агню з абодвух бакоў, стала вайна на Данбасе.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu