Беларуская міліцыя затрымала кіраўніка міжнароднага «тытунёвага сіндыкату»


28 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» праваахоўнікі затрымалі грамадзяніна Літвы, абвешчанага ў вышук Інтэрполам, паведамляе прэс-служба МУС.

Паводле кіраўніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрполу ў Беларусі Аляксандра Пятрана, мужчыну шукалі за кантрабанду.

Літоўскае бюро Інтэрполу паведамляе, што мужчына кіраваў арганізаванай злачыннай групай, куды ўваходзілі грамадзяне Беларусі, Латвіі ды Расеі.

Кантрабандысты перапраўлялі беларускія цыгарэты праз Расею ды Латвію ў краіны ЕЗ, выкарыстоўваючы наземны і марскі транспарт.

МУС Беларусі паведамляе, што ў лістападзе 2015 года кантрабандысты пераправілі ў Вялікую Брытанію 1 118 320 пачкаў цыгарэт з Беларусі без акцызных марак ЕЗ. Пазней яны спрабавалі пераправіць у Брытанію яшчэ 158 400 пачкаў цыгарэт. Тады грузавы аўтамабіль з кантрабандай затрымала паліцыя.

Цяпер вырашаецца пытанне аб змяшчэнні затрыманага пад часовы арышт, пакуль ад праваахоўных органаў Літвы прыйдзе просьба аб выдачы, піша mvd.gov.by.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў