Беларуса, якога на радзіме абвінавацілі ў хабарніцтве, ва Украіне прызналі бежанцам


Акруговы адміністратыўны суд Кіева прызнаў беларуса бежанцам і абавязаў міграцыйную службу Украіны даць грамадзяніну Беларусі статус бежанца.

У судзе Кіева справа грамадзяніна нашай краіны разглядалася яшчэ ў жніўні, але толькі цяпер пастанова суда апублікавана на старонцы ўстановы.

З матэрыялаў справы вынікае, што статус бежанца, альбо асобы, якой патрэбная дадатковая абарона, атрымаў прадпрымальнік, які ўцёк ва Украіну ад крымінальнага пераследу з боку Беларусі. Беларуса афіцыйны Менск аб’явіў у вышук па лініі Інтэрполу паводле абвінавачвання ў хабарніцтве ў буйным памеры. З пастановы следчага КДБ вынікала, што нібыта мужчына даў як мінімум тры хабары ў 2014-2015 гадах. Падследны заяўляў, што «падставай для абвінавачвання сталі паказанні аднаго з былых падначаленых».

Суд высветліў, што грамадзянін нашай краіны шчыльна сябраваў з заснавальнікам ТАА «Сармат», вядомым беларускім бізнесоўцам і актыўным публічным дзеячам, які доўгі час крытыкаваў існую ўладу і эканамічную палітыку РБ.

Відавочна, кіраўнік ТАА «Сармат», пра якога згадвае суд у Кіеве, – гэта Аляксандр Кныровіч, якога ўтрымліваюць за кратамі. А грамадзянін Беларусі, які ўцёк ад пераследу з Менску, – гэта Вячаслаў Кушнер, выказвае здагадку радыё «Свабода».

Суд палічыў, што грамадзянін нашай краіны абгрунтавана асцерагаецца стаць ахвярай палітычнага пераследу. Таму абавязаў дзяржаўную міграцыйную службу Украіны прызнаць грамадзяніна РБ бежанцам.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў