Беларусь выставіла Расеі рахунак за няякасную нафту


Фота: Vasily Fedosenko / REUTERS / File Photo / FORUM

«Роснефть» атрымала прэтэнзіі ад «Белнафтахіма». Сума, якую патрабуе беларускі бок – складае 155 мільёнаў долараў ЗША. 450 тысячаў долараў патрабуе і польскі «Orlen», які мае намер дамагчыся ад «Транснефть» гарантыі адпаведных выплатаў. Пра гэта паведамляе выданне «Коммерсант».

У трубаправоднай манаполіі называюць гэтыя патрабаванні «спробамі зарабіць на кампенсацыях». Паводле «Коммерсанта», на самой справе такія высокія сумы кампенсацыяў для Беларусі немагчымыя, але ва ўрадзе ў любым выпадку гатовыя абмяркоўваць сумы толькі пасля поўнага вырашэння крызісу.

Па словах крыніцаў «Коммерсанта», знаёмых са зместам ліста, які накіраваў віцэ-прэм’еру Расеі Дзмітрыю Козаку кіраўнік «Роснефть»Ігар Сечын, вядома, што беларускі Мазырскі НПЗ хоча ад расейскага боку кампенсацыяў шкоды за забруджаную нафту ў памеры 155 мільёнаў долараў. Гэтыя прэтэнзіі былі перанакіраваныя ў «Транснефть», але, як адзначыў Ігар Сечын, трубаправодная кампанія не пацвердзіла, што гатова іх задаволіць.

Што хоча беларускі бок?

Мазырскі НПЗ абгрунтаваў разлікі шкоды такім чынам: з 443 тысячаў тон нафты коштам 185 мільёнаў долараў, якія «Роснефть» паставіла на завод у красавіку, 370 тысячаў тон уяўляла сабой забруджаную нафту, кошт якой беларускі бок лічыць нулявым. Адпаведна, НПЗ просіць «Роснефть» «у добраахвотным парадку» вярнуць грошы ў памеры 155 мільёнаў долараў. І хоць у лісце і гаворыцца пра гатовасць судзіцца ў Арбітражным судзе Масквы, беларускі бок выступае за вырашэнне пытання «са шматгадовымі дзелавымі партнёрамі» «выключна ў пазасудовым парадку». Больш за тое, у лісце адзначаецца, што НПЗ гатовы разгледзець «сустрэчнае абгрунтаванне» «Роснефть» аб суразмерным зніжэнні коштаў няякаснай нафты.

Што кажа расейскі бок?

Прычыну такой пазіцыі суразмоўцы «Коммерсанта» бачаць у тым, што шкода ад паставак забруджанай нафты на Мазыр на гэты момант у прынцыпе адсутнічае. Справа ў тым, што, паводле дамоўленасці Масквы і Менску, уся забруджаная нафта з Беларусі будзе вернутая ў Расею. Узамен – што пацвердзіў у інтэрвʼю Reuters 10 чэрвеня намеснік кіраўніка Мінэнерга РФ Павел Сарокін – у Беларусь будзе пастаўлена чыстая нафта.

«У тых жа беларускіх НПЗ, напрыклад, страчаную выгаду можна лічыць у канцы года, калі мы не нагонім гадавы абʼём паставак у памеры 18 мільёнаў тон, у нас няма абязальніцтваў па абʼёме паставак па месяцах», – сказаў спадар Сарокін.

Што кажуць юрысты?

Апытаныя «Коммерсантам» юрысты лічаць, што ў выпадку гіпатэтычнага судовай спрэчкі паміж Мазырскім НПЗ і «Роснефтью» ў беларускага боку больш шанцаў.

«Роснефть» на дадзеным этапе фактычна не аспрэчвае патрабаванне НПЗ аб зніжэнні коштаў нафты, у сувязі з чым шанцы НПЗ варта лічыць больш высокімі», – кажа старшы юрыст BGP Litigation Алег Хмялеўскі.

З ім згодны партнёр юрыдычнай кампаніі «Норт ГКС» Уладзімір Смолярж, які лічыць, што «Роснефть» будзе зацікаўлена прыцягнуць «Транснефть» да гэтага судовага працэсу ў якасці, хутчэй за ўсё, трэцяй асобы.

«Белнафтахім»: транзіт нафты ў напрамку Польшчы часткова адноўлены

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары