Беларусь узначаліла рэйтынг краін для самых бюджэтных падарожжаў расейцаў


Адмысловы рэйтынг таннага адпачынку складзены для расейскіх турыстаў. У спісе таннага адпачынку для расейцаў традыцыйна на першым месцы Беларусь і іншыя краіны СНД, а таксама і экзатычныя кірункі.

У рэйтынгу месцаў, дзе сёлета можна танна правесці двухтыднёвы адпачынак, увайшлі не толькі Беларусь, Малдова і Абхазія, але і такія краіны як Індыя, Непал, Марока, Інданезія і Танзанія, паведамляе РИА Новости са спасылкай на Skyscanner.

Адмыслоўцы разлічылі кошт паездкі ў адну з трыццаці краінаў на дваіх дарослых – на два тыдні з пералётам туды і назад (улічваўся сярэдні кошт авіябілету з расейскіх гарадоў). Таксама ўлічваўся кошт пражывання ў гатэлі або арандаванай кватэры, харчаванне ў кавярнях і рэстарацыях, выдаткі на транспарт і забавы.

Лідарамі бюджэтнага адпачынку сталі краіны блізкага замежжа – Беларусь, Малдова, Абхазія, Арменія і Грузія.

Адпачынак у Беларусі на два тыдні для двух дарослых асобаў будзе каштаваць у сярэднім 1376 долараў ЗША. Другое месца займае Малдова (1438 долараў ЗША).

Таксама ў рэйтынг патрапілі адразу дзевяць экзатычных кірункаў. Самым танным сярод іх апынулася Індыя. Паездка туды абыдзецца падарожнікам усяго на 32 долара даражэй, чым у Грузію (1594 долараў супраць 1562 долараў).

Даражэй выйдзе паездка на афрыканскі кантынент – бюджэт двухтыднёвага адпачынку ў Марока складзе ў сярэднім 1962 долараў на дваіх.

Таксама ў рэйтынг даступнай экзотыкі ўвайшлі В’етнам (1980 долараў) і Шры-Ланка (2072долараў), якія апынуліся танней Харватыі і Грэцыі. Яшчэ ў спіс трапілі Інданезія (2201 долар), Тайланд (2266 долараў), Туніс (2400 долараў) і Танзанія (2704 долараў).

СК, belsat.eu, паводле thinktanks.by

Стужка навінаў