Беларусь падклала суседзям свінню


Афрыканская свіная чума лютуе ў Беларусі шмат гадоў. Улады Беларусі не прызнаюць, што праблема ёсць, але ліхога ніколі не ўтоіш. Шкодзіць сабе – справа асабістая. Горш, калі маўчанне і частковая бяздзейнасць афіцыйнага Менску прыводзяць да сур’ёзных эканамічных наступстваў у суседніх краінах.

Пад будынкам польскага парламенту ў Варшаве пратэст. Людзі абураныя рашэннем уладаў знішчыць 210 000 польскіх дзікоў – 98 % ад усёй папуляцыі гэтай жывёлы ў Польшчы. Менавіта такім чынам Міністэрства сельскае гаспадаркі плануе ўтаймаваць распаўсюд афрыканскай чумы свіней (АЧС) і пазбавіць свінагадоўчыя гаспадаркі галаўнога болю.

«Гэта скандальны план двух міністэрстваў – сельскай гаспадаркі ды аховы навакольнага асяроддзя. Рашэнні міністраў – адгалосак шматгадовай бяздзейнасці гэтых двух ведамстваў. Яны не рабілі нічога, каб стрымаць афрыканскую чуму свіней. А горш за ўсё, што знішчэнне дзікоў не вырашыць праблемы чумы, а толькі пагоршыць справу. Праблему могуць развязаць толькі адказныя паводзіны фермераў», – лічыць Эва Суфін-Жакмар з польскай Партыі зялёных.

Польскія ўлады пярэчаць зялёным ды спасылаюцца на досвед немцаў, якія не чакалі першага выпадку афрыканскай свіной чумы на сваёй тэрыторыі ды прэвентыўна знішчылі за апошні год 70 % папуляцыі дзікоў.

«Калі мы не спынім масавую гібель жывёлаў ад афрыканскай свіной чумы, нас чакаюць шматмільярдныя страты ў аграрным сектары. Скарачэнне колькасці дзікоў – адзін з найбольш паспяховых спосабаў затрымаць распаўсюд вірусу, як сцвярджае нават Еўрапейская Камісія вуснамі Еўрапейскага агенцтва бяспекі прадуктаў харчавання», – тлумачыць міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Ян Кшыштаф Арданоўскі.

Рака Вісла, што за дзвесце кіламетраў ад мяжы з Беларуссю, яшчэ нядаўна дзяліла Польшчу на дзве часткі: заходнюю, дзе не фіксавалі выпадкаў афрыканскай чумы свіней, і ўсходнюю, дзе эпідэміялагічныя службы зарэгістравалі сотні выпадкаў небяспечнай хваробы. Летась вірус перайшоў праз гэты натуральны бар’ер. Зʼявіліся 105 новых агмянёў захворванняў. Тая ж праблема і ў Літве.

«Чума моцна ўплывае на галіну. Калісьці ў Літве было 3-мільённае пагалоўе свіней, цяпер толькі 500 000. Праз чуму дробныя свінаводы не могуць працаваць», – падае факты старшыня парламенцкага камітэту ў справах сельскай гаспадаркі Андрэюс Станчыкас.

Праблема тая ж, але адрозна ад польскіх калегаў, яе развязанне ў Літве бачаць як больш складанае.

«Калі займацца толькі адстрэлам дзікоў, то праблемы не вырашыць», – сцвярджае Станчыкас.

Адметна, што і ў Літве і ў Польшчы вірусам закранутыя толькі тыя рэгіёны, якія суседзяць з Беларуссю ды Расеяй. Далейшыя рэгіёны пакуль не забруджаныя. Што недвухсэнсоўна намякае, адкуль наступае хвароба.

Але ў Беларусі афіцыйна ўжо пяць гадоў не рэгіструюць ніводнага выпадку АЧС. Пра сапраўдны стан рэчаў у нашай краіне можна здагадвацца толькі з ускосных прыкметаў. Раз-пораз у беларускіх вёсках людзей вымушаюць выразаць усё пагалоўе хатніх свінняў. «Рассельгаснагляд» знаходзіць геном свінога вірусу ў беларускіх харчах. І апошняе – паводле афіцыйных звестак, пагалоўе дзікоў у нашай краіне выбілі – засталося 3000 галоваў, хоць яшчэ пяць гадоў таму яно дасягала 80 000.

«Прафесіяналы ў ветэрынарных службах мусяць інфармаваць аб праблеме. Гэтак прынята, паводле ўсіх міжнародных канонаў. Але яны гэтага не робяць, бо прафесійныя справы ў нас другасныя. А вось палітычная і экспартавая мэтазгоднасць у нас заўсёды выходзіць на першы план. Хоць я і не думаю, што калі б мы прызналіся ў праблеме, то ў нас бы гэтак моцна абваліўся мясны экспарт», – распавядае шэф-рэдактарка Agrolive.by Іна Гармель.

Варта разумець, што афрыканская свіная чума не перадаецца непасрэдна ад дзіка хатнім свінням, бо яны не маюць непасрэднага кантакту. Пераносчыкам у большасці выпадкаў ёсць чалавек. Вірус можа быць на вопратцы, скуры ці ў корме, прынесеным з поля, на якім гаспадарылі заражаныя дзікі. Менавіта гэтак чума трапляе ў калгасы і буйныя прыватныя свінафермы. Афіцыйны Менск не прызнае праблемы, не змагаецца з ёй, не інфармуе масава насельніцтва пра пагрозу АЧС – і гэтак улады ствараюць пагрозу для ўласных гаспадарак і свінаводаў у суседніх краінах.

«Дзікага кабана, які разносіць чуму, ніякія межы не стрымліваюць. Ён можа перайсці мяжу і разнесці заразу па лесе», – працягвае Іна Гармель.

Цікава, што і ў Польшчы і ў Літве гучаць асобныя галасы, якія сцвярджаюць, што распаўсюд АЧС з тэрыторыі Расеі ды Беларусі не адбываецца натуральным чынам, за гэтым могуць стаяць спецслужбы або інтарэсы буйнога бізнесу. Мы пацікавіліся гэтай тэмай у нашых адмыслоўцаў.

«Няма ў нас такога адчування, гэта лухта. Гэта ніякая не дыверсія, гэта прыродная зʼява», – кажа Андрэюс Станчыкас.

«Аграрыі не шпіёны і не палітыкі, яны не могуць падкласці сваім калегам такой свінні», – мяркуе шэф-рэдактарка Agrolive.by.

Што да польскага адстрэлу, то наўрад ці нешматлікія пратэсты змогуць змяніць рашэнне ўладаў. Масавыя паляванні на дзікоў пачнуцца 12 студзеня, і будуць каштаваць бюджэту нашае суседкі каля 30 мільёнаў еўраў. Ці дапаможа гэта перамагчы свіную чуму, адназначна не можа сказаць ніхто. Але досвед Беларусі паказвае, што адным толькі скарачэннем пагалоўя дзікоў праблемы не вырашыць.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзі таксама
Каментары