Беларусь на «Еўрабачанні-2019» прадставіць 16-гадовая спявачка Зена


У фінале адборачнага туру Зена набрала максімальную колькасць балаў журы і будзе прадстаўляць нашу краіну на міжнародным конкурсе «Еўрабачанне-2019» у Тэль-Авіве. Акрамя яе на перамогу прэтэндавалі яшчэ дзевяць выканаўцаў.

Зена – псеўданім артысткі Зіны Купрыяновіч, ёй усяго 16 гадоў. Як піша TUT.BY, бацька Зены – дырэктар прадзюсарскага цэнтру, таму дзяўчына і абрала сцэну. Да 16 гадоў яна паспела стаць лаўрэатам «Дзіцячай Новай хвалі», папрацаваць з Ігарам Крутым, атрымаць першую прэмію на «Славянскім базары ў Віцебску» і перамагчы ў «Маладых талентах Беларусі».

У 2015 і 2016 гадах яна спрабавала заявіць пра сябе на дзіцячым «Еўрабачанні». Даходзіла да фіналу, але далей не прайшла. Праўда, выступіць на сцэне дзіцячага «Еўрабачання» у яе ўсё ж атрымалася: яна была адной з вядоўцаў конкурсу, які праходзіў у Менску ў 2018-м.

У 2017 годзе Зіна стала ўдзельніцай «Новай Фабрыкі зорак» на тэлеканале МузТВ, заняла трэцяе месца на шоу і стала працаваць з прадзюсарам Віктарам Дробышам. Яна таксама выступала з зоркамі расейскай эстрады.

Сёлета схема падліку галасоў у фінале змянілася. У адрозненні ад папярэдніх гадоў, імя пераможцы вызначалі не гледачы, а выключна журы. Свае ацэнкі суддзі апублікавалі пасля выступу кожнага з 10 фіналістаў. Журы складалася з сямі чалавек: гэта кампазітар Алена Атрашкевіч, якая нядаўна ўзначаліла Беларускі саюз кампазітараў, мастацкі кіраўнік групы «Чысты голас» Валер Прыгун, старэйшы выкладчык кафедры мастацтва эстрады сталічнага Універсітэта культуры і мастацтваў Таццяна Дробышава, спявак Дзмітрый Калдун, саліст групы Atlantica Алекс Дэвід, шоўмэн, тэле- і радыёвядучы Глеб Давыдаў і прадзюсар беларускага поп-гурта «Las Vegas» Яна Станкевіч.

Таксама ў фінале ўдзельнічалі беларускія спявачкі Алёна Гарбачова, Ева Коган і «КейСі», спявак Michael Soul, гурты Napoli, «Аура» (адзіны выканаўца ў фінале адбору з беларускамоўнай песняй) і «PROвокация», а таксама спевакі Эмануэль Імбагбэ з Нігерыі і Себастыян Руўс са Швецыі.

У гэтым годзе «Еўрабачанне» пройдзе ў ізраільскім Тэль-Авіве. Паўфіналы адбудуцца 14 і 16 траўня, фінал – 18 траўня. Прадстаўніца Беларусі выступіць у першым паўфінале.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў