Беларусь будзе выпускаць дроны супольна з Кітаем


Беспілотнікі будуць распрацоўваць і выпускаць у беларуска-кітайскім індустрыяльным парку.

Распрацоўкай і прадукцыяй беспілотных авіяцыйных комплексаў зоймецца сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы». Фірма створаная Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі супольна з адным з найбуйнейшых авіявытворцаў у свеце – кампаніяй AVIC.

Устаноўчы сход фірмы адбыўся на пачатку красавіка ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» пад Менскам, дзе і будзе працаваць новая кампанія.

На сустрэчы першы намеснік старшыні прэзідыума НАН, акадэмік Сяргей Чыжык, заявіў, што пры стварэнні прадпрыемства ўлічвалі інтарэсы кожнага з бакоў.

«Спадзяемся, што, аб’яднаўшы наш вопыт, мы зможам ствараць канкурэнтаздольныя вырабы, якія будуць карыстацца попытам ва ўсім свеце», – сказаў Сяргей Чыжык.

На сустрэчы зацвердзілі статут, а таксама абралі раду дырэктароў і генеральнага дырэктара – ім стаў Юрый Лявонец.

Паводле Лявонаўца, ягоная фірма будзе як распрацоўваць уласныя беспілотнікі, гэта і выпускаць існуючыя мадэлі AVIC.

Прадаваць беларускія лятальныя апараты плануюць не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце, з акцэнтам на краіны СНД.

Прэзентацыя самалёту-амфібіі AG600 вытворчасці кітайскай кампаніі AVIC (Aviation Industry Corporation of China) 23 ліпеня 2016 года ў горадзе Чжухай, правінцыя Гуандун Кітая. AG600 – найбуйнейшы на сёння самалёт-амфібія ў свеце. Фота – Reuters

AVIC – гэта найбуйнейшая кітайская дзяржаўная авіяцыйная кампанія, якая выпускае сёння больш за 60 відаў лятальных апаратаў, актыўна інвестуе ў распрацоўку стварэння авіяцыйнай тэхнікі і кампанентаў па ўсім свеце.

У рэйтынгу Fortune Global 500 займае 159-е месца. З моманту стварэння ў 1951 году шматкроць падвяргалася рэформам, змяняючы сваю назву і форму дзейнасці. Параўнальная па абароту з кампаніямі «Боінг» і «Эйрбас».

Вытворчасць AVIC уключае ваенную і грамадзянскую авіяцыю, у тым ліку розныя тыпы знішчальнікаў і транспартных самалётаў, навучальныя ўзоры тэхнікі. Спецыялісты гэтай кампаніі таксама актыўна займаюцца авіёнікай, беспілотнікамі, пілатажнымі трэнажорамі. AVIC будуе таксама пасажырскія і транспартныя самалёты, а а таксама гідрасамалёты.

«Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы» ўжо зарэгістраваныя ў якасці рэзідэнта беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку.

ДД

Глядзі таксама
Каментары