БАЖ асудзіў выдаленне матэрыялаў пра Віктара Пракапеню


Камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў вывучыла сітуацыю заявіла пра недапушчальнасць выдаляць ці рэдагаваць ранейшыя матэрыялы дзеля прыватных інтарэсаў публічных асобаў.

Інфармацыю пра затрыманне і арышт вядомага бізнесоўца падчысцілі з сайтаў шэрагу незалежных СМІ, з-за чаго інфармацыя стала недаступнай для пашукавікоў. Матэрыялы выдалілі па просьбе піяршчыкаў Пракапені, бо «яны шкодзілі ягонай міжнароднай рэпутацыі». У шэрагу выпадкаў прадстаўнікі Пракапені прапаноўвалі грошы.

Камісія па этыцы правяла апытанне і зрабіла канчатковую заяву:

  1. Кожная рэдакцыя СМІ мае права распараджацца сваім анлайн-кантэнтам па ўласным разуменні, то бок выдаляць, рэдагаваць матэрыялы незалежна ад часу іх змяшчэння на сайтах (за выключэннем, калі доступ да гэтых матэрыялаў платны);
  2. Матывы, з якімі выкарыстоўваецца гэта неаспрэчнае права, павінны цалкам адпавядаць прынцыпам і стандартам прафесійнай этыкі. Таму абсалютна недапушчальна выдаляць ці рэдагаваць ранейшыя матэрыялы дзеля прыватных інтарэсаў публічных асобаў, тым больш за грошы.
  3. Дзеянні рэдакцыі па выдаленні ці рэдагаванні ранейшых матэрыялаў не павінны весці да распаўсюджвання дэзінфармацыі, павінны абавязкова ўлічваць іх грамадскую значнасць.
  4. Дзеля прытрымлівання такой этычнай нормы, як павага да чытача, – пажадана тлумачыць патрэбу ў выдаленні ці рэдагаванні, а таксама з дапамогай адпаведных спасылак захоўваць магчымасць адшукаць выдалены ці адрэдагаваны тэкст.

***

11 красавіка 2015-га года вядомы IT-бізнэсовец Віктар Пракапеня быў затрыманы і абвінавачаны ў «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў складзе арганізаванай злачыннай групы». Праз дзевяць месяцаў знаходжання ў менскім СІЗА №1 Пракапеня, які сваёй віны не прызнаваў, выйшаў на волю. Тады следчыя рапартавалі, што прадпрымальнік цалкам кампенсаваў нанесеную дзяржаве шкоду. Гаворка вялася пра суму да мільёну долараў ЗША.

Менавіта гэтую інфармацыю выдалілі альбо скарэктавалі шмат якія беларускія медыі, у тым ліку незалежныя. Тым часам усе абвінавачванні з Віктара Пракапені былі знятыя, а сам ён апынуўся ў фаворы ў Аляксандра Лукашэнкі. Увесь скандал з выдаленнем архіўных публікацыяў пачаўся пасля таго, як інфармацыя пра гэта з’явілася ў блогу «Рэсурс кіберакына». Аўтар расследавання, незалежны медыяаналітык Уладзімір Бараніч каментаваў Пракапенягейт у «Гарачым каментары».

Глядзі таксама
Каментары