Цэнзура Пракапені. Хто і чаму хавае ад нас праўду?


Два гады таму пра арышт вядомага бізнесоўца чытаў не толькі Лукашэнка. Але сёння адная з галоўных навінаў 2015-га года амаль знікла з беларускае медыяпрасторы. Шэраг інфармацыйных рэсурсаў – у тым ліку незалежных – скасавалі архіўныя публікацыі пра затрыманне Віктара Пракапені.

«Для Беларусі гэта, відавочна, першы такі выпадак. І я думаю, нашыя незалежныя медыі не вельмі былі гатовыя да такой сітуацыі. Можна меркаваць, што яны атрымалі нейкія прапановы, да якіх яны былі не гатовыя, каб годна на іх адказаць і ўзважыць усе за і супраць», – мяркуе IT-кансультант Глеб Рубанаў.

Пракапеня правёў 9 месяцаў у менскім СІЗА

Яго абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Паводле ранейшай інфармацы ад Следчага камітэту, ён выйшаў на волю пасля таго, як цалкам скампенсаваў нанесеную шкоду памерам $ 650 тысяч долараў.

Пасля вызвалення прадпрымальнік і ягоныя прадстаўнікі звярнуліся з просьбаю да шэрагу інтэрнэт-рэдакцыяў скасаваць артыкулы пра арышт.

«Просьба для мяне не выглядала скандальнай. Тады яшчэ не было ўсіх гэтых вась-вась з Лукашэнкам, Пракапеня ўспрымаўся як пацярпелы ад рэжыму. Прадстаўнік патлумачыў, што спадар Віктар з’ехаў на Захад, дзе хоча пачаць жыццё з чыстага ліста», – тлумачыць Зміцер Галко, былы прадстаўнік «Беларускага партызана».

Шмат хто прыслухаўся да просьбы бізнесоўца

Адкрыта ў гэтым прызнаецца не толькі былы працаўнік «Беларускага партызана» Зміцер Галко, але і галоўная рэдактарка выдання «Новы час» Аксана Колб.

Складанасці з пошукам публікацыяў узніклі і на партале TUT.BY. Але, як тлумачыць заснавальнік рэсурсу Юрый Зісер, гэта адбылося без згоды кіраўніцтва.

«Гэта не было санкцыянавана. Гэта не было рашэнне зверху. Да мяне Пракапеня яшчэ ўвесну звяртаўся, я яму адмовіў», – даводзіць ён.

Справу ўсцяж не каментуе шэраг інфармацыйных рэсурсаў

Тым часам Віктар Пракапеня сапраўды пачаў з чыстага аркуша. Побач з Лукашэнкам ён актыўна рэкламуе дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які сёння набывае моц.

«Мы бачым новую для Беларусі сітуацыю, калі новы буйны бізнес, які складаецца з людзей, якія думаюць па-новаму, ён спрабуе лабіраваць свае інтарэсы. Як на дзяржаўным полі, гэтак і на полі масмедыя», – звяртае ўвагу Глеб Рубанаў.

Для Беларусі гэтая сітуацыя не толькі новая, але і выключная. Бо бʼе перадусім не ў імідж Віктара Пракапені, а ў рэпутацыю незалежных медыяў. Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла, што пакуль не мае афіцыйнай пазіцыі ў гэтым пытанні і чакае афіцыйнага звароту ў Камісію этыкі БАЖ.

Вольга Жарнасек, «Белсат»