Бацькі загінулага лейтэнанта ДАІ: «Не верым у суіцыд, настойваем на эксгумацыі»


У рэдакцыю Belsat.eu звярнуўся бацька загінулага лейтэнанта ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча. Мужчына заявіў, што не верыць у версію Следчага камітэту пра суіцыд сына, патрабуе правядзення эксгумацыі цела і незалежнай экспертызы.

Уладзімір Патаповіч сам праслужыў у ДАІ 20 гадоў і летась сышоў у адстаўку ў званні капітана міліцыі. Яўген захацеў пайсці па слядах бацькі, таму вырашыў вывучыцца на міліцыянта ў Магілёўскім інстытуце МУС. Паводле словаў Уладзіміра, сыну вельмі падабалася ягоная праца.

«Я не веру ў версію пра суіцыд, бо, па-першае, на фотаздымку, які апублічылі, бачныя пашкоджанні ў ніжняй частцы жывату і яўна бачна, што парэзаная бялізна і ёсць нажавая рана. Па-другое, сын быў забяспечаны фінансава, меў кватэру, жыў з дзяўчынай адэкватнай, нядаўна ездзіў знаёміцца са сваякамі – там добрая сям’я. Прычын здзяйсняць самагубства ў яго не было. Ні псіхалагічных, ні нейкіх іншых. Чалавек імкнуўся жыць», – кажа Уладзімір.

Уладзімір Патаповіч, бацька. Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

«Я хацеў бы, каб зрабілі эксгумацыю, каб незалежныя эксперты паглядзелі, ці есць пашкоджанні ў ніжняй частцы тулава або толькі агнястрэльнае. Каб гэта зрабілі, пакуль цела не пачало раскладацца, разумееце? Я настойваю».

На пытанне, ці ўзнікалі ў Яўгена канфлікты на службе, бацька кажа:

«Часам здараюцца службовыя сітуацыі, але любыя складанасці вырашаюцца на месцы. Жэня, праўда, скардзіўся, што некамплект цяпер у ДАІ, вялікая загружанасць. Часта заставаўся пасля змены разбірацца з матэрыяламі».

«Нейкія маленькія даўгі ў сына былі, магчыма. Я працую на пенсіі, таму мог дапамагаць. Часам ён прасіў па 30, па 50 рублёў… Але нічога сурʼёзнага, тым больш крымінальнага не было», – гаворыць Уладзімір Патаповіч.

Што датычыць дроваў і вадкасці для распальвання, якія перад смерцю набываў Яўген, бацька прыгадвае:

«Яны збіраліся нейкага сябра з войска сустракаць, кшталту на шашлыкі паехаць за горад».

18 траўня 2019 года. Падчас цырымоніі развітання з застрэленым інспектарам ДАІ Яўгенам Патаповічам. Фота – Дар’я Чульцова /«Белсат»

Маці Патаповіча: «Нас не пусцілі ў морг паглядзець на сына»

Бацькі Патаповіча не жывуць разам. Але маці Вольга Паўлаўна таксама лічыць, што неабходная эксгумацыя цела Яўгена.

«Гэта быў не суіцыд, ні ў якім разе! Ён меў усё: кватэру трохпакаёвую, машыну, лецішча вялікае, планы на будучыню. З дзяўчынай усё было выдатна, яны збіраліся распісвацца. Ну які тут можа быць суіцыд? Атрымліваецца вельмі дзіўна: пахавалі Жэню імгненна, прычым хавалі як героя, што загінуў пры выкананні. У морг нас не пусцілі паглядзець на цела. Міліцыя сказала – няма чаго там рабіць, а працаўнік моргу – што «відовішча не для слабанервных», – распавядае яна.

Што датычыць версіяў гібелі, маці міліцыянта губляецца ў здагадках: «Магчыма, ён спыніў нейкую «няправільную» машыну, ці то з трупам, ці то з наркотыкамі…»

Вольга прыгадвае, што пыталася ў сына, ці ўзнікаюць у яго нейкія праблемы на працы, але той адмаўляў і казаў, што ўсё добра.

18 траўня 2019 года. Падчас цырымоніі развітання з застрэленым інспектарам ДАІ Яўгенам Патаповічам. Фота – Дар’я Чульцоват /«Белсат»

«А летась у яго адзін з лепшых сяброў загінуў, Валера Калькіс, застрэліўся ў лесе пад Берасцем пасля спрэчкі з дзяўчынай. Ён Жэню як брат быў… Яны ўсе былі даішнікі, вучыліся разам. Пасля Жэня прыйшоў да мяне і засумняваўся: «Мама, можа быць гэтак, што ён праз дзяўчыну страляўся?» Не, кажу, не думаю.

Адчула нешта няладнае і пытаюся: «Куды вы ўлезлі, дзеці?» А ён адразу замітусіўся: «Нікуды, мама, нікуды». А потым сказаў: «Я за свайго брата адпомшчу». Магчыма, гэта ўсё нейкі ланцужок»

Сёлета ў сакавіку Вольга Паўлаўна сутыкнулася з дзіўнымі паводзінамі сына. Паводле яе, ноўтбук Яўген звычайна пакідаў у сваім пакоі. Але аднойчы яна прыйшла ў кватэру, дзе сын жыў з дзяўчынай і пабачыла, што той хутка закрывае экран і сыходзіць на вуліцу, трымаючы ноутбук у руках. Праз некаторы час вярнуўся ўжо без камп’ютара. Я запытала, дзе ён, а сын толькі двума рукамі за галаву схапіўся».

Прыкладна ў той жа перыяд Яўген запытаўся ў маці і бабулі «За што вы ўсе мяне гэтак ненавідзіце?»

«Я дагэтуль не зразумела, што сын меў на ўвазе», – кажа Вольга.

«На пахаванні калегі сына сказалі, што сярод рэчаў, знойдзеных побач з трупам, была абгарэлая зялёная запальнічка. Мабільны тэлефон знайшлі пазней і ён таксама быў абгарэлы», – дадае маці.

18 траўня 2019 года. Падчас цырымоніі развітання з застрэленым інспектарам ДАІ Яўгенам Патаповічам. Фота – Дар’я Чульцова/«Белсат»

Дзяўчына Патаповіча: «Суіцыду быць не магло»

«У версію пра суіцыд не веру, бо такога ў прынцыпе быць не магло. Не было ніякіх падставаў», – гаворыць Юлія, дзяўчына загінулага лейтэнанта.

Яна сцвярджае, што перад смерцю Яўгена ў іхных стасунках усё было выдатна:

«Усё стала значна лепей. Мы вырашылі жыць разам і 2 красавіка з’ехаліся».

Юлія таксама адзначае, што ў сям’і былі добрыя адносіны – яны спадабаліся бацькам адзін аднаго.

На пытанне, навошта Яўген набываў дровы і вадкасць для распальвання, Юлія кажа: «Яны з сябрамі планавалі сабрацца, але яшчэ не было вядома, куды дакладна, з кім менавіта».

Паводле яе слоў, пра праблемы на працы Патаповіч ніколі не распавядаў, але звычайна ён заўжды працаваў з напарнікамі (іх было некалькі, яны змяняліся). Чаму 16 траўня Яўген выйшаў на змену адзін і чаму апынуўся ў горадзе без аўта, дзяўчына не ведае.

***

  • Цела лейтэнанта міліцыі знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў пры выкананні службовых абавязкаў).
  • Спачатку меркавалася, што да смерці Патаповіча могуць быць датычныя ромы. Перад знікненнем міліцыянт даслаў калегам паведамленне ў Viber.
  • У ноч з 16 на 17 траўня ў пасёлках Чапаеўка і Грабянёва АМАП правёў рэйд і затрымаў некалькі дзясякаў ромаў. Ромы скардзіліся на збіццё і абразы. Міністр Шуневіч вырашыў не прыносіць прабачэнняў за брутальныя дзеянні міліцыі.
  • Раніцай 20 траўня прадстаўнікі Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных справаў правялі брыфінг, на якім заявілі пра тое, што асноўная версія прычыны смерці міліцыянта Яўгена Патаповіча – суіцыд.
  • Пазней у СК патлумачылі, што штаноў на інспектары ДАІ не было, бо загінулы наўмысна спаліў іх з дапамогай вадкасці для распальвання. Таксама Патаповіч нібыта не меў ніякіх раненняў у вобласці пахвіны: кроў на бялізне, паводле СК аказалася там праз позу цела загінулага.
  • Інфармацыя пра выкраданне 22-гадовага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча невядомымі асобамі на чорнай «Волзе» афіцыйна не пацвердзілася, адзначылі ў СК.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары