Байдэн пачаў прэзідэнцтва з адмены ўказаў Трампа


Прэзідэнт пачаў працэдуру вяртання ЗША ў Парыжскае кліматычнае пагадненне і ў САЗ, адмяніў забарону на ўезд грамадзянаў з шэрагу мусульманскіх і афрыканскіх краінаў, спыніў будоўлю трубаправоду «Keystone XL» на мяжы з Канадаю.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн праз некалькі гадзінаў пасля інаўгурацыі падпісаў шэраг дакументаў, якія касуюць некалькі ўказаў Доналда Трампа, паведамляе Reuters.

Пра тое, што абраны прэзідэнт плануе адмяніць падпісаныя Трампам заканадаўчыя акты, амерыканскія медыі паведамлялі яшчэ ў лістападзе мінулага года.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прамаўляе пасля прывядзення да прысягі ў якасці 46-га кіраўніка краіны. Вашынгтон, ЗША. 20 студзеня 2021 года.
Фота: POOL / Reuters / Forum

Змены, якія Джо Байдэн унёс сваймі першымі ўказамі на пасадзе прэзідэнта:

  • Вяртанне ЗША ў Парыжскае кліматычнае пагадненне 2015 года. Яно мае на мэце скарачэнне вугляродных выкідаў у навакольнае асяроддзе. Дакумент пра далучэнне да дамовы перададуць у ААН, ён уступіць у моц праз 30 дзён.
  • Адмена выхаду ЗША з Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ). Вашынгтон апавясціў арганізацыю пра пачатак працэдуры выхаду ўлетку 2020 года. Трамп неаднаразова крытыкаваў САЗ за памылкі, дапушчаныя ў пачатку пандэміі COVID-19.
  • Адмена забароны на ўезд у краіну грамадзянаў з шэрагу мусульманскіх і афрыканскіх краінаў.
  • Спыненне будоўлі сцяны на мяжы з Мексікаю.
  • Адкліканне дазволу на будоўлю часткі трубаправоду «Keystone XL», які ідзе з Канады ў ЗША. Супраць будаўніцтва актыўна выступалі эколагі ды актывісты. Будоўлю прыпынілі пры прэзідэнце Бараку Абаму, аднак у 2017 годзе Трамп даў дазвол на працяг.

Акрамя гэтага, Байдэн падпісаў указ пра абавязковае нашэнне масак і выкананне сацыяльнай дыстанцыі на ўсіх федэральных аб’ектах.

Генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш прывітаў рашэнне новага прэзідэнта вярнуць ЗША ў Парыжскае кліматычнае пагадненне.

Фота
Без тысячаў гледачоў і ў масках. Джо Байдэн уступіў на пасаду кіраўніка ЗША
2021.01.20 23:54

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў