Былы прэзідэнт Кыргызстану Атамбаеў здаўся ўладам

Абноўлена

Былы прэзідэнт Кыргызстану Алмазбек Атамбаеў здаўся ўладам. Яго даставілі ў Галоўнае следчае ўпраўленне МУС. Увечары прыхільнікі Атамбаева пачалі збірацца на цэнтральнай плошчы Бішкека.

АКИpress паведамляе, што праваахоўнікі разам з Атамбаевым узялі яго паплечнікаў Кундуз Жалдубаеву і Фарыд Ніязава. Усіх вывезлі ў Бішкек на некалькіх аўтамашынах у аб’езд, бо дарога з Кой-Таша ў Бішкек блакаваная прыхільнікамі Атамбаева.

Раней сілавікі распачалі трэцюю спробу штурму дома былога кіраўніка дзяржавы, ім удалося прарвацца на тэрыторыю рэзідэнцыі Атамбаева. Ён здаўся пасла працяглых перамоваў.

Паводле МУС Кыргызстану, аперацыяй асабіста кіраваў міністр унутраных справаў Кашкар Джунушаліеў. Затрыманне Атамбаева прайшло без ахвяраў.

Як штурмавалі рэзідэнцыю Атамбаева: відэа з дрона

Увечары прыхільнікі Атамбаева пачалі збірацца на цэнтральнай плошчы Бішкека – зараз іх каля тысячы чалавек. Частка з іх пайшла ў бок будынку Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бяспекі, куды даставілі Атамбаева з паплечнікамі, піша kaktus.media.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, за два дні супрацьстаяння сілавікоў і прыхільнікаў Атамбаева (7-8 жніўня) усяго па медычную дапамогу звярнуліся 98 чалавек. Адзін пацярпелы, баец «Альфа» – памёр. 11 працаўнікоў сілавых структур былі пераведзены ў шпіталь, 13 пацярпелых атрымліваюць стацыянарнае лячэнне, 83 пацярпелых адпраўленыя на амбулаторнае лячэнне.

Кой-Таш

Opublikowany przez Adil Turdukulov Czwartek, 8 sierpnia 2019

***

Падчас штурму рэзідэнцыі Алмазбека Атамбаева ў Кыргызстане 7 жніўня 1 чалавек загінуў, больш за 50 атрымалі раненні. Спецназ зрабіў няўдалую спробу захопу экс-прэзідэнта, пасля чаго прыхільнікі Атамбаева адбілі яго. У сваім звароце па тэлебачанні ён заклікаў улады Кыргызстану «не ісці супраць народу».

«Я яшчэ раз прапаную ўладам адумацца. Звярнуцца хачу да сілавікоў, каб яны не стралялі ва ўласны народ. Вашы кіраўнікі, магчыма, кудысьці ўцякуць, але для вас гэта дрэнна скончыцца. Вы самі не страляйце», – заклікаў Атамбаеў у эфіры тэлеканалу «Апрель».

Ён таксама заявіў, што гатовы адказаць на ўсе пытанні праваахоўнікаў, што не замешаны ў карупцыі, а цынізм уладаў яго, маўляў, уражвае. Разам з тым вядома, што раней Атамбаеў ніякім чынам не рэагаваў на пазовы ў пракуратуру і патрабаванні даць паказанні ў шэрагу крымінальных справаў.

«Дзеля таго, каб прымусіць замаўчаць Атамбаева, закрыць яго пад арышт, нарэшце яго забіць, улада ўжо ідзе на тое, каб расстрэльваць мірных грамадзянаў», – заявіў ён.

Атамбаеў падзякаваў людзям, якія прыйшлі яму на дапамогу і не далі захапіць яго «жывым або мёртвым».

«Мы не такі народ, які будзе жыць на каленях. Мы не калгасныя бараны, грамадзяне Кыргызстану – гэта незалежныя людзі, для якіх гонар даражэй жыцця. І трэба ўладам гэта зразумець, адумацца і перайсці ў прававое поле», – паўтарыў Атамбаеў.

Раніцай 8 жніўня стала вядома, што дзейны прэзідэнт Кыргызстану Сааранбай Жээнбекаў спыніў адпачынак і вярнуўся ў Бішкек, каб правесці паседжанне Рады бяспекі, перадае ТАСС. На ім кіраўнік дзяржавы заявіў, што Атамбаеў «груба парушыў Канстытуцыю». Звяртаючыся да чальцоў Рады бяспекі, ён пакрэсліў «неабходнасць выканання ўсіх мерапрыемстваў па захаванні законнасці, міру і бяспекі ў краіне, у сувязі з чым неабходна прыняць неадкладныя меры».

Агенцтва таксама перадае са спасылкай на Мінаховы здароўя Кыргызстану, што колькасць пацярпелых узрасла да 52 чалавек.

Мясцовае выданне kaktus.media паведамляе, што па стане на раніцу чацвярга на тэрыторыі рэзідэнцыі Атамбаева 6 сілавікоў застаюцца ў якасці закладнікаў. Паводле выдання, Атамбаеў заявіў, што ў яго прыхільнікаў не было зброі, ён сам страляў некалькі разоў, але стараўся не трапляць у людзей. Былы прэзідэнт адзначыў, што гатовы аказаць дапамогу спецназаўцам, ён папрасіў прыхільнікаў перадаць іх праваахоўным органам, паабяцаўшы зрабіць гэта сёння, 8 жніўня.

Захопленыя ў закладнікі спецназаўцы. Некаторых з іх адпусцілі. Фота kaktus.media
Пажар, які распачаўся на тэрыторыі рэзідэнцыі пасля спробы штурму. Фота kaktus.media

Нагадаем, увечары 7 жніўня спецназ спрабаваў штурмам узяць дом Атамбаева ў сяле Кой-Таш у 20 кіламетрах ад Бішкеку, каб затрымаць экс-прэзідэнта, аднак прыхільнікі здолелі яго адбіць. Распачалася страляніна, у выніку якой пацярпелі 48 асобаў, 1 баец спецназу загінуў ад атрыманага ранення.

Алмазбек Атамбаеў быў прэзідэнтам Кыргызстану з 2011 па 2017 год. Цяпер яго вінавацяць у карупцыі, незаконным узбагачэнні, завалоданні зямлёй, а таксама ў тым, што ён незаконна вызваліў у 2013 годзе з турмы крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева.

Дом экс-прэзідэнта Кыргызстану штурмаваў спецназ, але Атамбаеў не затрыманы

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары