Дом экс-прэзідэнта Кыргызстану штурмаваў спецназ, але Атамбаеў не затрыманы

Абноўлена

Дом былога кіраўніка Кыргызстану Алмазбека Атамбаева ў пасёлку Кой-Таш у 20 кіламетрах ад Бішкеку ўвечары 7 жніўня штурмаваў спецназ. У выніку параненыя некалькі чалавек, паведамляе мясцовае інфармацыйнае агенцтва «Акіпрэс». Пазней шэраг СМІ паведамілі, што Атамбаева здолелі затрымаць. Яшчэ праз некалькі гадзін з’явілася абвяржэнне.

Карэспандэнт парталу 24.kg з месца падзей перадае, што сітуацыя вельмі абвостраная, страляюць хаатычна. На месцы працуе спецназ ды іншыя прадстаўнікі сілавых ведамстваў. Сярод прыхільнікаў былога кіраўніка дзяржавы ёсць параненыя. Яны абараняліся камянямі, пасля чаго іх усіх паклалі на зямлю.

Паводле інфармацыі відавочцаў, у ходзе спецаперацыі раненні атрымалі 10 чалавек, у тым ліку журналіст мясцовага выдання. Увесь гэты час Атамбаеў знаходзіўся дома.

Увечары 7 жніўня паведамлялася, што спецназ здолеў вывезці Атамбаева з дому.

Аднак неўзабаве пачалі з’яўляцца супрацьлеглыя звесткі.

У прыватнасці, паводле апошняй вэрсіі, экс-прэзідэнту ўсё ж ўдалося забарыкадавацца ў адным з пакояў дому, і спецназ не змог яго захапіць. Адначасова прыхільнікі Атамбаева павалілі частку плоту вакол рэзідэнцыі і прарваліся ўнутр. Яны захапілі некалькіх спецназаўцаў, адабралі ў іх зброю і моцна збілі, перадае Настоящее время.

24.kg піша, што адзін баец спецназу, які спрабаваў захапіць Атамбаева, загінуў ад атрыманага ранення.

***

27 чэрвеня парламент Кыргызстану 103 галасамі прыняў рашэнне аб зняцці недатыкальнасці з Атамбаева, адначасова пазбавіўшы яго статусу экс-прэзідэнта, што адначасова пазбаўляе яго імунітэту ад крымінальнага пераследу. Гэта адбылося пасля таго, як Генеральная пракуратура падтрымала абвінавачванні, вылучаныя парламентам супраць экс-прэзідэнта Кыргызстану. Сярод іх: незаконнае ўзбагачэнне, незаконнае завалоданне зямельным участкам, дачыненне да незаконнага вызвалення ў 2013 годзе крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева, карупцыя пры мадэрнізацыі ЦЭЦ у Бішкеку на сродкі кітайскага крэдыту.

Былы прэзідэнт назваў усе абвінавачванні супраць яго «абсурдам» і заявіў, што не мае намеру прымаць удзел у следчых дзеяннях і прыходзіць на допыт у пракуратуру. Ён працягвае сустрэчы са сваймі прыхільнікамі штодня.

18 ліпеня Атамбаеў атрымаў трэцюю па ліку позву з боку МУС Кыргызстану з патрабаваннем з’явіцца на допыт у якасці сведкі па справе аб незаконным вызваленні ў 2013 годзе крымінальнага аўтарытэта Батукаева. Экс-прэзідэнт у чарговы раз праігнараваў патрабаванне МУС.

Атамбаеў займаў пасаду прэзідэнта Кыргызстану з 2011 па 2017 гады.

КА belsat.eu, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары