Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў развітальную службу


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Казімір Велікаселец правялі супольнае набажэнства ў касцёле Найсвяцейшага Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску.

Фота: TUT.BY / Дар’я Буракіна

Падчас службы Тадэвуш Кандрусевіч рэпрэзентаваў прыхаджанам біскупа Казіміра Велікасельца, які з 21 студзеня афіцыйна ўступіў на пасаду апостальскага адміністратара Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Раней гэтую пасаду займаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля свайго 75-годдзя Кандрусевіч папрасіў Папу Рымскага Францішка з увагі на ўзрост сысці на пенсію. Адстаўку прынялі ў пачатку гэтага года.

«Хачу падзякаваць сёння ўсім святарам і вам, дарагія браты і сёстры, за сумеснае служэнне і сумесную малітву, за нашую сумесную адказнасць за духоўны стан нашай Бацькаўшчыны. Хачу падзякаваць вам за салідарнасць са мной у складаны час цягам чатырох месяцаў, калі быў у выгнанні», – сказаў Кандрусевіч.

Разам з тым ён адзначыў, што працягне сваю пастарскую дзейнасць і застанецца ў Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Фота: TUT.BY / Дар’я Буракіна

На нядзельную імшу ў архікатэдральны касцёл прыйшлі сотні вернікаў. Напрыканцы прыхаджане разам выканалі «Магутны Божа».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў