Археалагічны музей Менску запрацаваў на пастаяннай аснове


Будынак музею пабудаваны вакол арачных падмуркаў гаспадарчай пабудовы, помніка археалогіі канца XVIII–пачатку XIX стагоддзяў. Фота – Tut.by

На тэрыторыі былога мужчынскага кляштару бернардзінцаў на вуліцы Кірыла і Мяфодзія, 6 адкрылася сталая экспазіцыя, якая распавядае аб гісторыі тэрыторыі гораду ад дагістарычных часоў.

Адкрыццё пастаяннай выставы «Менск. Верхні горад. Археалагічны музей» адбылося 14 сакавіка – у 520-ю гадавіну атрымання Менскам Магдэбургскага права.

Магдэбургскае права – феадальнае гарадское права, склалася ў нямецкім Магдэбургу ў ХІІ–ХІІІ стагоддзяў і распаўсюдзіліся ўва Усходняй Нямеччыне, Прусіі і Сілезіі. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феадальных павіннасцяў. З цягам часу яго перанялі гарады сучасных тэрыторыяў Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыны, Беларусі, Украіны і Літвы.

Па сутнасці, паўнавартасны Археалагічны музей у сталіцы з’явіўся толькі сёння – раней у кляштары адбываліся толькі часовыя выставы.

Наведнікі экспазіцыі змогуць даведацца аб старажытнай флоры і фаўне Менску, пазнаёміцца з асаблівасцямі рэльефу гораду і пабачыць астанкі мамантаў. Экспазіцыя распавядае пра зараджэнне старажытнага гарадзішча на Менцы, бітве на Нямізе, будаўніцтве Менскага замка, распавялі ў Міністэрстве архітэктуру і будаўніцтва.


Музей археалогіі Менску размешчаны на падворку былога бернардынскага мужчынскага кляштара. Фота – Tut.by

На выставе можна пабачыць археалагічныя знаходкі XI–XIII стагоддзяў. Таксама ў музеі ёсць штучна адноўлены археалагічны раскоп, на якім можна вывучыць працэс фармавання культурных слаёў розных стагоддзяў. Наведнікі даведаюцца аб ладзе жыцця старажытных менчукоў ды іх занятках, а таксама змогуць пабачыць рэканструяваны кірмаш, майстэрню шаўца і лаўку ганчара.

«Асаблівасці архітэктурна-планіровачнай структуры Верхняга горада паказаныя з дапамогай планаў і мапаў сталіцы, макетаў знакавых будынкаў, сюжэтных панарамаў. Дэманструюцца арыгінальныя будаўнічыя вырабы, цвікі, цэгла, архітэктурна-дэкаратыўная кераміка, пліткі падлогі. А сюжэтныя інсталяцыі дазваляюць зазірнуць у келлю да монахам-бернардынцаў і ў кляштар часоў вайны 1812 года», – адзначылі ў музеі.

Інфармацыя падаецца таксама з дапамогай мультымедыйных тэхналогіяў, гульнявых модуляў.

У музеі ёсць таксама зоны для заняткаў археалогіяй і рэстаўрацыяй.

ДД

Глядзі таксама
Каментары