«Апрысак наробе дурноты»


У саамскіх мовах ёсць пара сотняў словаў, якія абазначаюць снег і лёд, ды каля тысячы словаў для абазначэння аленяў. Колькі ў беларускай мове словаў, каб называць дзяцей, ніхто, бадай, не лічыў. А варта!

«Апрысак наробе дурноты» – гэты радок з Бібліі ў перакладзе Яна Станкевіча натхніў на мінідослед: як называюць дзяцей па-беларуску? Трэба сказаць, доўга з акрэсленнем нашыя продкі не цырымоніліся, асаблівай талерантнасцю і карэктнасцю не вылучаліся, тут і каракадзеды, і абрыды, і арыштанцы, і каўдабені. Але з песні слова не выкінеш!

Дзіцятачка, немаўля, горкае дзіця, малое, малеча, дашкольнік, дзяціна… А побач з цалкам нейтральнымі словамі – процьма эмацыйна афарбаваных.

рослае дзіця – бАйбус, бальшун, бальшуха

упартае, капрызнае дзіця – капрыз, капрыза, капрыснік, апрысак

плаксівае дзіця – плакса, крыкун, крыкуха, крыкса, крыкслівы

някемлівае дзіця – ашавурак, гранок, загавайла, каўдабень

злое дзіця – аспідак, вужачка, вужонак, злоснічак, змейка

дзіця, якое пачынае хадзіць – таптун, таптуха, тапунок, тапунчык, цюпка

дзіця, якое яшчэ не ходзіць – паўзун, паўзунок, паўзуння, седзень

дзіця, якое любіць сядзець на руках – бянёха, бянёшка, дзяржун

бруднае, недагледжанае дзіця – асмалак, брыдачка, закіданы, мазэпчык

слабое, хілае, хваравітае дзіця – абменак, вахлячок, драбнотачка, заморушак

маларослае дзіця – дзятлук, каракадзед, каркадзедак, чырык

непаслухмянае дзіця – арыштанец, біндзюга, біндзюжнік, бязбацькавіч

поўнае, здаровае дзіця – асцялёпак, бахур, гарбузік, злёпак

ласкавае дзіця – ласкавы

надакучлівае дзіця – айкала, абрыда, каназа, канькала

гаваркое дзіця – ласкатунок, траскунок, шчабятун, шчабятуха

пазашлюбнае дзіця – баструк, байструк, байстручок

спалоханае дзіця – верадаваты, вярэдлівы, пералеканы, уляканы

развітае, кемлівае дзіця – азука, быстрак, быстрэчак, ладны

дзіця, падкінутае чужым людзям – падкідыш, найдзёнак, найдзённік, найдзён, найдзёна, знайда

бяздомнае дзіця, падлетак, якія страцілі сям’ю або адарваліся ад яе і жывуць на вуліцы без догляду і выхавання – беспрытульнік, беспрытульны

апошняе дзіця ў старых бацькоў – падскрэбіш

голае дзіця – галыш

тоўсценькі хлопчык – бутуз, таўсматае дзіця

смуглявае дзіця – чарнушка

апошняе дзіця ў сямʼі – паследак

На падставе тэматычнага слоўніку «Чалавек» (Менск: Беларуская навука, 2006) падрыхтавала Настасся Вікулава, belsat.eu

Стужка навінаў