Апошні шанец выпіць з правадніцай. Шэсць парадаў, дзе сустрэць Новы год


Раварысты ў лесе пад Раўбічамі. Ілюстрацыйнае фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Гатовыя інструкцыі па святкаванні Новага года і Калядаў ад беларускіх журналістаў з розных выданняў, якія аб’ездзілі ўсю Беларусь.

У пушчы

Зміцер Новікаў, галоўны рэдактар часопісу «Большой»

– Я б раіў сустрэць Новы год у Налібоцкай пушчы. Можна пайсці ў сядзібу «Налібоцкія васількі» або да Вадзіма Сідаровіча. Ён ведае ў пушчы ўсе сцежкі і водзіць людзей шукаць ваўкоў, усё пакажа і раскажа, прыемны дзядзька. На ваўкоў, праўда, часу ў мяне не было: можна суткамі хадзіць, каб іх сустрэць.

Справка
Прафесар, доктар біялагічных навук Вадзім Сідаровіч ужо каля 30 гадоў даследуе ваўкоў у сваёй сядзібе ў Налібоцкай пушчы.

Пакуль няма снегу, можна паехаць на роварах шукаць зуброў, яны там цягаюцца па пушчы і іх шмат, я асабіста бачыў. Можна на байдарках плаваць, можна ў лазню хадзіць. Самае галоўнае – у пушчу залез і сядзі: няма людзей і класна.

Удзельнікі карнавалу «Конікі» у Давыд-Гарадку падчас святкавання Старога Новага году. 13 студзеня 2019 года. Ілюстрацыйнае фота – Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Таксама адтуль можна выскачыць у Любчанскі замак, або паехаць у Мір ці Наваградак. Ідэальнае месца. І ад Менску недалёка.

У Крэве

Сяргей Гапон, фатограф «Agence France-Presse»

– На каталіцкія Каляды можна завітаць у Крэва і далучыцца ўвечары да кампаніі калядоўшчыкаў. Гэта якасная рэканструкцыя: тут не будзе Дзеда Мароза або Бабы Ягі, як гэта часам у нас здараецца ў іншых кутках. Будзе, вядома, Каза, Мядзведзь са «Смаргонскай акадэміі», які ўмее танчыць, спяваць і паказваць акрабатычныя прыёмы, а таксама крэўскі Габрэй. І калі Каза будзе браць і чапляць сабе на рогі ўсё без разбору – і апельсінкі, і мандарынкі, – то Габрэй будзе пераборлівы ды яшчэ паглядзіць, наколькі добры будзе шматок сала.

Усе іншае будзе залежыць ужо ад тых людзей, якія завітаюць у Крэва. Мястэчка безумоўна падорыць шыкоўную атмасферу.

Пры жаданні можна павадзіць карагоды вакол крэўскай елкі. У мінулым годзе Новы год вакол яе сустракаў дзясятак «дызайнерскіх» снегавікоў, зробленых мясцовымі жыхарамі. Калі гэты год будзе са снегам, то, магчыма, іх можна будзе пабачыць ізноў.

У Крэве складана з начоўкай. Найбліжэйшае месца для начлегу можна паспрабаваць знайсці ў Гальшанах ці ў Смаргоні. Там даволі прымальныя кошты – каля 30 рублёў за ноч.

Певень варожыць падчас святкавання Маланкі на Стары Новы год у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо. 13 студзеня 2019 года. Ілюстрацыйнае фота – Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

У Крэве ёсць кавярня «Уют» (вуліца Смаргонская, 4. Змяшчае 30 чалавек. – Заўв. «Белсат»), дзе можна загадзя замовіць святочную вячэру: яе гаспадыня, спадарыня Ірына, працуе па перадзаказах.

У этнічным стылі

Лілія Кобзік, галоўная рэдактарка газеты «Турызм і адпачынак»

– Сярод нетрывіяльных месцаў для сустрэчы Новага года ў нас усцяж застаюцца аграсядзібы: яны увесь час выдумляюць новыя цікавыя праграмы – на кожны год, на кожнага чалавека.

Некалькі гадоў таму на іх былі «наезды», што прапануюць мала этнічнага – адныя банкеты, карпаратывы і вяселлі. І яны цяпер выпраўляюць сітуацыю. Калі раней гэта была проста сялянская абстаноўка, то цяпер яны вяртаюцца да вытокаў класічнага агратурызму, прапаноўваюць нешта этнічнае і лакальнае. На Лепельшчыне будзе свой каларыт, на Браслаўшчыне – свой.

Пасядзець за сталом з аліўе і шампанскім ужо малавата. Трэба каб забаўлялі, каб быў нейкі сцэнар, і аграсядзібы стараюцца ў навагоднюю ноч зрабіць цікавы стол і нейкую анімацыю – з мясцовым Дзедам Марозам у выглядзе Зюзі, з Дзедам і Бабай ды іншымі нашымі персанажамі.

Удзельнікі абраду «Калядкі» у вёсцы Восава. 13 студзеня 2017 года. Ілюстрацыйнае фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forums

Уласнікі аграсядзібаў робяць разлік не толькі на беларусаў, але і на замежнікаў – расейцаў, палякаў, ізраільцянаў, амерыканцаў, канадцаў, якія прыязджаюць да нас на Новы год. Іх трэба ўразіць. Цяпер пануе інтэрнэт: водгукі – гэта ўсё. Людзі адпачываюць, а потым ставяць плюсы і мінусы. Таму сядзібы зацікаўленыя ў тым, каб дадаваць больш этнікі – таксама і ў навагоднюю ноч.

Падалей ад гарадоў

Антон Трафімовіч, журналіст радыё «Свабода»

– Пасля ўсіх вандровак за мяжой і ў Беларусі я зразумеў, што самае крутое ў нашай краіне – прырода.

У ідэальным варыянце – паездка падалей ад вялікіх гарадоў. Два месцы, якія адразу прыходзяць у галаву – Блакітныя азёры ў Мядзельскім раёне і Белая Царква каля Новалукомля.

Белая Царква – гэта такое месца сілы. Ужо проста знаходзячыся там, адчуваеш нейкае свята. Мне падаецца, у навагоднюю ноч або на Каляды гэта было б сапраўды прыкольна.

Лепш загадзя забраніраваць нейкае жытло дзесьці ў ваколіцах, каб можна было пераначаваць і «пачыліць». Ну, і машына абавязкова патрэбная, бо туды цяжка дабрацца грамадскім транспартам. Але яно абсалютна таго вартае.

Заставацца ў навагоднюю ноч на вуліцы можа падацца экстрэмальным, але гэта вельмі файна, асабліва калі захапіць з сабой блютуз-калонку з любімымі трэкамі і трошкі сагравальных рэчываў.

Варыянт выбрацца кудысьці недалёка ад Менску – Менскае мора. Я неяк сустракаў там Новы год з сябрамі. Яно было такое здаравеннае, што было адчуванне, быццам бы знаходзішся на сапраўдным моры. Гэта было адно з самых крутых святкаванняў: недалёка ад гораду, лес і замерзлая вада.

У іншых гарадах гэта можа быць любы вадаём паблізу.

У Горадні або Пінску

Антон Кашлікаў, галоўны рэдактар «34travel»

– Мне здаецца, лепш за ўсё адзначаць Новы год у Горадні: гэта жывы, вясёлы горад, дзе будзе прыемна прайсціся па шматлікіх кавярнях раніцай першага студзеня.

Я за тое, каб мы развівалі ўнутраны турызм і ездзілі ў невідавочныя месцы: напрыклад, у Пінск – выдатны, са сваёй культурай, дзвіжухай. Там таксама будзе класна правесці першыя дні новага года.

У цягніку

Жэня Манцэвіч і Верасень, стваральнікі сайту «Downshifter.by»

– Выкупаеш на навагоднюю ноч купэ цягніка «Берасце – Віцебск» і едзеш. Каштуе капейкі – хату зняць даражэй. Праз «Штадлеры» ў Беларусі паволі знікаюць плацкартныя і купэйныя вагоны, таму гэта, можна сказаць, апошні шанец выпіць з правадніцай: у навагоднюю ноч міліцыянты наўрад ці прыйдуць.

Запісаў Дзяніс Дзюба belsat.eu

Стужка навінаў