На сцяне ў цэнтры Менску, дзе яшчэ ўчора быў размешчаны партрэт Марыяны Шчоткінай, зноў з’явілася сацыяльнае графіці.
Уночы на 5 сакавіка на сцяне з’явіўся партрэт колішняй міністаркі працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай з подпісам «Гэта я аўтар падатку для беспрацоўных».
Арт-аб’ект аператыўна прыбралі, ад яго засталіся толькі пантофлі. Да яго, паводле euroradio.fm актыўныя менчукі неслі то гваздзікі, то папку для папераў з надпісам «Справа №..».
Сёння раніцай над пантофлямі спадарыні Шчоткінай з’явіўся надпіс «Ну вы ж самі ўсё разумееце».
У «Тўітары» з’явілася прапанова сачыць за графіці са Шчоткінай праз камеру назірання: «Ды пастаўце ўжо камеру насупраць графіці Шчоткінай і сачыце онлайн. Там кожную гадзіну нешта новае».
ВД, паводле euroradio.fm