Апазіцыя М’янмы перамагла на выбарах


У першых з 1990 года свабодных выбарах М’янмы ўпэўнена перамагла апазіцыя.

Апазіцыя заяўляе, што атрымала больш за 70 % месцаў у парламенце. Кіруючая «Саюзная партыя салідарнасці і развіцця» прызнала паразу ў выбарах, што адбыліся ў нядзелю.

У выбарах прымалі ўдзел больш за 90 партый, але асноўная барацьба разгарнулася паміж «Нацыянальнай лігай за дэмакратыю» («НЛД») на чале з праваабаронцай Аўн Сан Суў Чы і кіруючай «Саюзнай партыяй салідарнасці і развіцця».

Афіцыйна вядома пра лёс 54 месцаў у парламенце, 48 з якіх дасталіся «Нацыянальнай лізе за дэмакратыю». Увогуле ж вызначаецца, хто зойме 498 месцаў у абедзвюх палатах.

Пасля таго, як «Нацыянальная ліга за дэмакратыя» заявіла пра перамогу, сотні людзей сабраліся ля штаб-кватэры апазіцыйнай партыі ў горадзе Янгон, піша «Deutsche Welle».

«Яна народны лідар, якога ведае ўвесь свет», – спявае натоўп пра лідарку партыі Аўн Сан Суў Чы.

Прыхільнікі пераменаў жадаюць пазбавіцца ад вайсковай дыктатуры, якая цягнулася ў М’янме паўстагоддзя – да 2011 года, і нават пасля вайсковыя лідары захавалі значны ўплыў.

ЗША ўжо назвалі ўсеагульныя выбары «перамогай людзей М’янмы».

Магчымасці прагаласаваць былі пазбаўленыя некалькі соцень тысяч мусульманаў-рохінг’я, нашчадкаў уцекачоў з Індастана, якія зазнаюць у будысцкай М’янме дыскрымінацыі і ўціскам. Наагул, этнічныя меншасці ўскладаюць на эпахальныя выбары вялікія надзеі : перш за ўсё яны спадзяюцца на большую аўтаномію ад цэнтральных уладаў.

Папярэднія выбары ў 1990 годзе прынеслі перамогу партыі «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» на чале з праваабаронцай Аўн Сан Суў Чы – легендарнай постаццю бірманскай палітыкі, аднак генералы анулявалі вынікі выбараў і ўсталявалі дыктатуру.

Аўн Сан Суў Чы заснавала «НЛД» у 1988 годзе, але ўжо праз некалькі месяцаў была арыштаваная. Ёй прапаноўвалі вызваленне, калі яна пакіне краіну, але Аўн Сан Суў Чы адмовілася. Праваабаронца правяла пад хатнім арыштам 15 гадоў. Яна атрымала Нобэлеўскую прэмію міру і прэмію Сахарава ад Еўрапарламенту.

НМ, belsat.eu, фота AFP

Стужка навінаў