Рэспубліканскае грамадскае абʼяднанне «Перспектыва» не мае ніякага дачынення да акцыі «Марш пустых рондаляў», які анансаваны ад імя гэтай арганізацыі на сайце «Беларускі партызан», заявіў старшыня «Перспектывы» Анатоль Шумчанка.
6-га студзеня «Беларускі партызан» паведаміў, што «Перспектыва» заклікае беларусаў прыйсці 16-га студзеня на Кастрычніцкую плошчу Менску на «Марш пустых рондаляў» з мэтай патрабаваць ад уладаў адмены ўказу № 222, які ўскладніў умовы працы для большасці індывідуальных прадпрымальнікаў, неадкладнай адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў.
«Публікацыя на сайце «Беларускага партызана» аб тым, што мы нібыта кагосьці кудысьці клічам, зʼяўляецца нахабнай хлуснёй і найгрубейшай правакацыяй. Ні пра што падобнае мы не заяўлялі. Ніякага дачынення да гэтага закліку ні чальцы рэспубліканскага грамадскага абʼяднання «Перспектыва», ні кіраўніцтва арганізацыі не маюць», – падкрэсліў лідар прадпрымальніцкага абʼяднання.
Па словах Шумчанкі, звязацца з адміністрацыяй інтэрнэт-рэсурсу, каб даведацца прычыны зʼяўлення гэтай публікацыі, яму пакуль не ўдалося, але ён мае намер запатрабаваць ад рэдакцыі belaruspartisan.org апублікаваць абвяржэнне гэтай інфармацыі.
З 1 студзеня гандляры абавязаныя прадаваць тавары лёгкай прамысловасці краінаў Мытнага саюзу толькі з дакументамі, якія пацвярджаюць іх легальнае паходжанне і бяспеку для спажыўца. Праблема ў тым, што расейскія пастаўляльнікі, у якіх набывае тавар большасць беларускіх іпэшнікаў, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні вырабаў або даюць фіктыўныя даведкі.
МЯ, паводле БелаПАН