АМАП штурмаваў дом мясцовага жыхара ў Баранавічах, які пагражаў узарваць сябе


50-гадовы мужчына пазваніў у Баранавіцкі ГАУС і заявіў, што запаўняе кватэру газам і хутка будынак выбухне. Здарэнне адбылося 15 студзеня ў адным з дамоў на 1-м завулку Вадаправодным. На месца выехаў нарад міліцыі.

Мужчына адмовіўся адчыніць дзверы і паводзіў сябе неадэкватна, у тым пагражаў скончыць жыццё самагубствам.

Ён заявіў, што невядомыя патрабуюць перадаць ім 150 беларускіх рублёў. З ягонага тэлефону ў экстранныя службы гораду паступіла 25 званкоў з рознымі пагрозамі.

Міліцыя эвакуявала жыхароў дому, усяго 11 асобаў. У будынку адключылі газ і электрычнасць.

Перамовы плёну не прынеслі, АМАП узяў штурмам кватэру правапарушальніка. Яго перадалі медыкам хуткай дапамогі.

Праводзіцца праверка, высвятляюцца матывы і прычыны здарэння. Вядома, што мужчына жыў адзін і злоўжываў алкаголем.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў