«АМАП крычаў: вы будзеце працаваць на нас». Азотаўцы – пра страйк і звальненні


На «Горадня Азоце» за забастоўку звольненыя як мінімум 16 чалавек. Змены працуюць не ў поўным складзе, што стварае небяспеку аварыйных сітуацыяў. Пра тое, што цяпер адбываецца на прадпрыемстве, мы паразмаўлялі з аператарамі цэху «Аміяк-3», якія далучыліся да страйку і засталіся без працы.

Улады баяцца факелу над «Азотам»

Сяргей, 28 гадоў, аператар 4 разраду. Год адпрацаваў на «Азоце»

– 29 кастрычніка была мая змена, але калі я прыйшоў на працу, то на прахадной даведаўся, што мой пропуск заблакаваны. Да гэтага я напісаў заяву, што далучаюся да забастоўкі.

Пра маё звальненне, якое адбылося яшчэ 28 кастрычніка, не ведаў нават мой непасрэдны начальнік. І гэта цяпер агульная практыка на заводзе. У нас быў створаны новы аддзел – нешта кшталту ўласнай бяспекі, і кіруе ім, як кажуць, супрацоўнік КДБ. Ён і дае загады, каго звальняць, а каго – не. Каб выгнаць, шукаюць любыя прычыны, узгадваюць нават тое, што было даўно. Мяне, напрыклад, звольнілі нібыта за прагулы з 1 па 7 кастрычніка, хоць гэтыя дні я не гуляў, а правёў у ІЧУ, пра што ў мяне была даведка, і раней яна задавальняла кіраўніцтва завода. А цяпер раптам аказалася, што гэта прагулы.

Працаўнікі ААТ «Горадня Азот». 19 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

На заводзе няма каму працаваць. На 29 кастрычніка з цэху «Аміяк-3» звольненыя 16 чалавек. Невядомы лёс каля 15 чалавек, якія на бальнічных. З «Карбаміда-4» шмат хто таксама сышоў на бальнічныя. Кіраўніцтва паабяцала, што і яны будуць пакараныя.

Змены выходзяць не ў поўным складзе. Калі звычайна гэта 8-12 чалавек, то цяпер – 4-5. Тым, хто застаецца, паабяцалі двайны аклад. Але працуюць яны па 24-36 гадзін. Акрамя, выклікалі пенсіянераў. З іншых цэхаў пераводзяць працоўных. Але кіраўніцтва не ўлічвае, што новыя людзі не адразу разумеюць, як весці тэхнічны працэс. Стажораў адпускаюць самастойна працаваць, хоць яны яшчэ не здалі патрэбныя допускі. Начальнік аддзелу кадраў цяпер шукае жадаючых стажыравацца на «Аміяк-3». Адначасова хлопцы, якія яшчэ працуюць, адмаўляюцца некага стажыраваць. Гэта ўсё вельмі небяспечна і стварае рызыку аварыйных сітуацый. Але кіраўніцтва нібыта заплюшчвае вочы.

У такіх умовах начальнік «Аміяк-3» гатовы спыніць працу цэха. Але кіраўніцтва не дазваляе. Іх гэта вельмі пужае. Бо пры спыненні цэха будзе запалены вялізны факел, што будзе бачна над горадам, і гэта будзе сурёзная перамога страйкоўцаў, якая можа запусціць ланцуговую рэакцыю па іншых прадпрыемствах. Улада вельмі баіцца гэтага.

Для міліцыі мы – рабы

Сяргей распавядае, што яму дагэтуль не выдалі працоўную кніжку, і не пускаюць на тэрыторыю заводу.

– У той жа час ахоўнікі кажуць, што ганарацца намі, што мы малайцы, і яны нас падтрымліваюць. Разам з калегамі мы напісалі заяву ў суд за незаконнае звальненне. Вялікага спадзявання на справядлівае рашэнне няма, але ёсць – на сумленне калег, якія яшчэ працуюць, што яны ўрэшце нас падтрымаюць. Нам нельга спыняцца.

19 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Калі мы распачалі страйк, амапаўцы, што прыехалі на завод, крычалі нецэнзурнай лаянкай: мы вас прымусім працаваць, мы вас будзем біць, а нам за гэта нічога не будзе. Мяне ўзялі, калі я стаяў каля прахадной. Спачатку я пачуў загад «на завод яго», і мяне ўзялі пад рукі і пачалі штурхаць у спіну ў бок прахадной. Але потым іншы супрацоўнік сказаў «навошта вы яго туды цягнеце, ён жа праз пяць хвілін зноў выйдзе», і мяне павялі ў аўтобус. Там загадвалі: на калені, с..а, мордай у падлогу. І зноў крычалі: «Вы ўсё роўна будзеце на нас працаваць, гэта нашая дзяржава, наш горад, а ён (мелі на ўвазе кіраўніка краіны) нікуды не сыйдзе». Гэта страшна – міліцыя не лічыць нас за людзей, мы для іх – рабы.

Пакуль я гатовы змагацца за сваё працоўнае месца і за будучыню тут. Я не хачу з’язджаць з Беларусі. У мяне тут усё – родныя, сябры, аднакласнікі, я не хачу гэта ўсё губляць. Я вельмі ўдзячны гарадзенцам за тую падтрымку, якую я бачу. Мы не павінны спыняцца, і мы пераможам.

«Не збіраюся працаваць там, куды заганяюць сілай»

Арцём Мігель, 28 гадоў, аператар дыстанцыйнага пульта ўпраўлення на ЦПУ ў цэхе «Аміяк-3», на «Азоце» – са студзеня 2017 года

Арцём Мігель. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– Пра сваё звальненне я даведаўся з тэлеграм-каналу – 28 кастрычніка выклалі спіс з 11 звольненых, і я там пабачыў сваё прозвішча. Акрамя, я пабачыў, што мне на картку перавялі грошы, падобна, што гэта канчатковы разлік.

Патэлефанаваў свайму начальніку, ён накіраваў мяне ў аддзел кадраў.

Напярэдадні я напісаў заяву пра тое, што сыходжу ў бестэрміновы страйк, аддаў яе начальніку цэха, і ў ноч з 27 на 28 кастрычніка не выйшаў на змену.

Я вяртацца на працу не збіраюся, пакуль нас туды заганяюць сілай. Разглядаю розныя іншыя варыянты, мо, у таксі пайду. Таксама думаю, каб адсюль з’ехаць, бо заставацца становіцца небяспечным. У той жа час я бачу, як шмат людзей нас падтрымліваюць, мне пішуць – не бойся, усё добра, дапаможам. І гэта дадае веры, што гэты наш страйк – толькі пачатак, людзі будуць далучацца.

Забастоўка працаўнікоў ААТ «Горадня Азот». 19 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

І важна, каб яны далучаліся, бо тады не будзе столькі затрыманых і звольненых. Канешне, проста пасадзіць за краты і выгнаць з працы 20-30 чалавек. А калі б выйшлі сем тысяч, была б зусім іншая карціна. Тады б улады спужаліся. Усіх бы не звольнілі ў любым выпадку.

У той жа час нават цяперашнія звальненні будуць адчувальнымі для заводу. На маё працоўнае месца, напрыклда, трэба цягам шасці месяцаў вучыць чалавека, і потым яшчэ столькі ж назіраць за ягонай працай, пакуль ён набівае руку. Атрымліваецца такая актыўная стажыроўка на працягу года. Гэта трэба, каб чалавек атрымаў досвед, каб ведаў, як сябе паводзіць у розных форс-мажорных сітуацыях, калі на тое, каб падумаць, ёсць некалькі секунд. Нажаль, кіраўніцтву не шкада губляць дасведчаныя кадры. Ім далі зверху загад – звольніць, яны і звольнілі.

Каля прахадной ААТ «Горадня Азот». 19 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Чаму людзі адразу масава не выйшлі? Баяцца згубіць заробак, які на «Азоце» большы, чым у сярэднім па горадзе, хоць у цэлым аплата працы ў нас несправядлівая, яна павінна быць вышэйшай. Шмат у каго крэдыты. Таксама людзі баяцца пераследу, калі бачаць, як за нас узяліся. І я нікога не абвінавачваю, бо баяцца – гэта не сорамна, і так, гэта страшна – як ні круці, калі ты без працы, калі цябе судзяць, пагражаюць. Хтосьці мае ў сабе моц, каб гэты страх перамагчы, іншыя – не.

Кіраўніцтва заводу спрабавала падкупіць працоўных яшчэ са жніўня. Калі яны пабачылі, што людзі выходзяць, раптам знайшліся грошы і на прэміі, і на 13 заробак. Але на мяне гэта не паўплывала. Я гатовы працаваць і з меншым заробкам, абы ведаць, што я жыву ў свабоднай краіне, і што наперадзе ёсць перспектывы для развіцця. Нас пужаюць, што калі будзе іншы прэзідэнт, то не будзе грошай, мы апынемся ў вельмі цяжкім становішчы. Гэта ўсё лухта. Як раз цяперашняя ўлада цалкам зруйную эканоміку. А калі будуць перамены, то я ўпэўнены, што шмат якія краіны дапамогуць нам, і Беларусь вельмі хутка адновіцца і будзе развівацца і багацець, не тое што цяпер.

  • Пратэсты на «Горадня Азоце» пачаліся ад раніцы 26 кастрычніка. Яны сталі адказам на заклік Святланы Ціханоўскай далучыцца да Народнага Страйку і патрабаваць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

НА belsat.eu

Стужка навінаў