Алена Леўчанка распавяла пра здзек на Акрэсціна


Алена Леўчанка, якая выйшла сёння на свабоду пасля 15 дзён зняволення на Акрэсціна, распавяла, што ўмовы ўтрымання ў ЦІП выглядалі як здзек. Пра гэта баскетбалістка распавяла ў інтэрв’ю YouTube-каналу Onliner Belarus.

Алену Леўчанку пасля адбывання 15 дзён адміністрацыйнага арышту зноў судзілі. Падчас паседжання яна распавяла пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна.

«Хачу распавесці пра ўмовы. Яны ставяць пад пагрозу мой стан здароўя. Канфіскаваныя матрац і бялізна. Няма гарачай вады. Не вадзілі ў душ апошнія 13 дзён. Адключылі зліў у прыбіральні. Гэта рассаднік бактэрый. Аднойчы не вадзілі на шпацыр 5 дзён. Зʼявіліся вошы. Усё гэта падрывае маё здароўе. І ўяўляе пагрозу яму», – распавяла баскетбалістка на судзе.

Суд завяршыўся тым, што Алене Леўчанцы далі штраф у памеры 30 базавых велічыняў (Br 810), але баскетбалістку вызвалілі. Родным і блізкім не далі сустрэць Алену, яе адвёз да дома міліцыянт у чорным.

«У судзе я ўжо распавядала, у якіх умовах даводзілася адбываць гэты тэрмін. Вядома, для мяне гэта быў шок. Трэба ўсё гэта яшчэ пераварыць. Проста не магу зразумець, чаму стаўленне такое да людзей. Калі 13 дзён спіш проста на халодных бэльках, калі ў камеру на чатырох чалавек падкідваюць пятага, і нехта спіць на падлозе. Пры гэтым на ІЧУ, дзе прабыла першыя суткі, было цалкам нармальнае стаўленне. А ў ЦІП не пускалі памыцца, даводзілася спаць на бэльках, не працавала каналізацыя. І ўсё гэта адзін пакой, даўжыня якой сем метраў, а шырыня… (паказвае каля трох метраў). Навошта так ставіцца да людзей? Гэта ж проста здзек!» – сказала Леўчанка.

Алена таксама распавяла, што пасля Акрэсціна яе адвезлі ў Ленінскі РУУС, дзе стаўленне было нармальным. Пры гэтым астатнія падрабязнасці баскетбалістка агучыць пакуль не гатовая. Таксама яна пакуль устрымалася ад адказу на пытанне аб тым, ці плануе яна выехаць з Беларусі.

Абноўлена
Алена Леўчанка выходзіць на волю, пакараная штрафам Br 810
2020.10.15 13:09

СК belsat.eu

Стужка навінаў