«Актывізм прыраўноўваецца да алкагалізму». Што рабіць, калі ўлады ціснуць на ўдзельнікаў пратэстаў праз дзяцей


Падчас сёлетніх дэманстацыяў у Беларусі людзей не толькі катуюць у пастарунках і за кратамі, але і ціснуць на іхных сваякоў. У сем’і з дзецьмі завітваюць службы апекі, а МУС прапаноўвае ўвесці адміністратыўную адказнасць для бацькоў, якія бяруць дзяцей на дэманстрацыі. Што рабіць, калі вашай сям’ёй зацікавіліся органы апекі? Мы падрыхтавалі адмысловую інструкцыю.

«Мы гатовыя да ціску»

Сям’я менчука Міхася Субача прыкладна тыдзень таму сутыкнулася з пагрозамі трапляння на працэдуру СОП. Іхныя дзеці не хадзілі ў школу на знак пратэсту 1 верасня і падчас агульнанацыянальнай забастоўкі 26 кастрычніка. Міхась пісаў адмысловыя тлумачальныя, каб пазбегнуць непаразуменняў з адміністрацыяй школы.

«Настаўнікі нас пераконвалі, каб у тлумачальнай мы не пісалі пра страйк і пратэст, а сказалі, што дзяцей не было «па сямейных абставінах». Ціску на нас не аказвалі, але казалі, што калі не перапішам, то можа пачацца эпапея з СОПам», – кажа ён.

Дзеці Міхася Субача ў ланцугу салідарнасці каля метро «Пушкінская».
Фота: архіў героя

Больш адміністрацыя школы з Міхасём не звязалася. Але ён кажа, што здзівіцца, калі да яго не прыйдзе камісія – з такімі выпадкамі ўжо сутыкаліся іхныя знаёмыя, якіх судзілі за ўдзел у масавых несанкцыянаваных акцыях.

«Таму мы абсалютна гатовыя да ціску праз дзяцей», – кажа ён.

Як могуць пазбавіць правоў на дзяцей

Адабраць яго ў бацькоў або апекуноў. Зрабіць гэта сацыяльныя органы маюць права, калі жыццё і здароўе дзіцяці знаходзіцца ў небяспецы. Падрабязней пра працэдуру можна прачытаць у ч.2 арт. 85 Кодэксу аб шлюбе і сям’і.

Летась у Беларусі бацькоўскіх правоў было пазбаўлена 2674 асобы.

Паставіць сям’ю на «сацыяльна небяспечны стан». Больш распаўсюджаны і меней радыкальны спосаб уплыву. Працэдура мусіць выявіць, чаму дзеці знаходзяцца ў небяспецы, і як можна выправіць сітуацыю.

Паводле Міністэрства адукацыі ў 2019 годзе ў Беларусі каля 24 тысячаў дзяцей стаялі на СОП.

Дакладны спіс прычынаў, паводле якіх сям’ю могуць паставіць на СОП, пералічаны ў заканадаўстве. Палітычных поглядаў сярод іх няма.

«Можна зрабіць выснову, што даць сям’і гэты статус праз актыўнасць бацькоў – незаконна. Але зараз у Беларусі мы назіраем прававы дэфолт, калі заканадаўства трактуецца даволі шырока і свабодна, – кажа юрыстка цэнтру «Ейныя правы» Дар’я Чурко. — Але адзначу, што ў практыцы нашага цэнтру было адзін-два выпадкі, калі на актывістаў спрабавалі ціснуць праз дзяцей».

Дзеці ў школе, ілюстратыўны фотаздымак. pixabay.com

Што такое сацыяльна небяспечны стан

Атрымаць статус сацыяльна небяспечнай сям’і можна паводле дакладна вызначаных крытэрыяў:

  • бацькі не забяспечваюць асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці – напрыклад, не кормяць,
  • яны не сочаць за дзіцём, і яно здзяйсняе адміністратыўныя правапарушэнні,
  • бацькі вядуць амаральны лад жыцця: злоўжываюць алкаголем або наркотыкамі, ёсць эпізоды гвалту над дзецьмі.

Іншыя формы ціску

Часам органы апекі могуць не пагражаць пастаноўкай на СОП, але проста тэлефанаваць і цікавіцца, у якіх умовах жыве дзіця. Гэта здарылася з сям’ёй Якавішыных.

Юрыя Якавішына затрымалі на шэсці 19 кастрычніка. Суд даў мужчыне 14 содняў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Удома засталася жонка Алена з 5 дзецьмі.

Сям’я Якавішыных разам з дзецьмі.
Фота: архіў герояў

Ужо на наступны дзень жанчыне патэлефанавалі з сацслужбаў і пацікавіліся, ці выйшла Алена пасля дэкрэту на працу.

«Мяне гэтае пытанне вельмі здзівіла, бо яны звычайна такія рэчы самі адсочваюць. Далей пачалі пытаць пра мой заробак. Гэта было яшчэ больш дзіўна – якая ім розніца? Пыталі пра пажарныя апавяшчальнікі. Маўляў, пажарным трэба ведаць, ці ёсць нехта ў хаце, ці працуюць бацькі. І хіба яшчэ ўзровень майго заробку!» – абураецца Алена.

Раней сацыяльныя службы не праяўлялі асаблівага інтарэсу да сям’і Якавішыных. Алена кажа, што яны – узорная сям’я, яна нават мае ордэн матулі. Усе папярэднія характарыстыкі былі выключна станоўчыя.

«Я звязваю гэты званок з затрыманнем мужа. Раней мне аніхто не тэлефанаваў і не цікавіўся ўзроўнем майго заробку і апавяшчальнікамі», – кажа Алена.

Маёй сям’ёй цікавяцца органы апекі. Што рабіць?

Дар’я Чурко раіць перадусім памятаць, што любыя спробы органаў апекі запалохаць сям’ю толькі на падставе грамадзянскай пазіцыі бацькоў – незаконныя.

«Мне здаецца, што можна пры сабе мець кароткую раздрукоўку працэдуры і крытэрыяў СОП або іншага заканадаўчага акту, каб у выпадку прыходу органаў апекі сачыць, як яны дзейнічаюць, і настойваць на выкананні законаў», – кажа адмыслоўца.

Дар’я кажа, што варта пісаць скаргі па ўсёй вертыкалі адукацыі: спачатку звярнуцца да начальніка аддзелу адукацыі, потым – старшыні адміністрацыі раёну або вобласці, дзе вы жывяце, далей – міністр адукацыі.

Можна таксама адстойваць свае правы па лініі пракуратуры: раённай, абласной і генеральнай.

Гарачы каментар
Наведванні службы сацыяльнай апекі давялі шматдзетную маму да самагубства
2019.02.14 22:47

«Сілавікі робяць акцыі небяспечнымі»

Паліна і Андрэй Шарэнда з Берасця – актывісты «Еўрапейскай Беларусі» з вялікім стажам. Сям’я некалькі разоў сутыкалася з тым, што на іх спрабавалі націснуць праз дзяцей. Апошні раз – сёлета ў верасні. Паліну затрымалі разам з сынам на акцыі пратэсту, а потым напісалі, як яна кажа, данос.

Сям’я Шарэндаў.
Фота: архіў герояў

«Да нас прыйшлі з садка і школы, пагаварыць. На першы погляд, настаўнікі былі на нашым баку. Але ўсё роўна праз пару дзён мне патэлефанавала дырэктарка школы, дзе вучыцца старэйшы сын, і пачала палохаць лёсам маіх дзяцей. Я сказала, што размова запісваецца, а яна кінула слухаўку», – распавядае жанчына.

Далей Паліну і Андрэя выклікалі на камісію па справах непаўналетніх. Дзякуючы публічнаму разгалосу на паседжанні не ўдалося даказаць, што іхная сям’я ня добрая.

«Улады кажуць, што бацькі цягаюць дзяцей у небяспечнае месца. Але хто робіць гэтае месца небяспечным? Толькі сілавікі! Людзі ідуць з кветкамі, балонікамі, а той бок кідае гранаты і страляе гумовымі кулямі, – абураецца жанчына. – Для гэтага рэжыму актывізм прыраўноўваецца да паталогіі, як алкагалізм або наркаманія».

Сыны Паліны і Андрэя Шарэндаў.
Фота: архіў героя

Што кажа закон

Галоўныя заканадаўчыя акты, якія рэгулююць стан дзіцяці ў сям’і:

  • Кодэкс аб шлюбе і сям’і,
  • Закон аб правах дзіцяці,
  • Пастанова Савету Міністраў аб «Аб прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльным становішчы».

Менавіта там можна знайсці падрабязнае апісанне правоў дзіцяці, у якіх умовах яно мусіць знаходзіцца ў сям’і і пры якіх абставінах бацькі могуць быць пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.

Карысныя спасылкі

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў