Актывісткі Матчынага руху 328 спынілі галадоўку


Жанчыны галадалі 22 дні.

Пасля 22 дзён спыняюць галадоўку актывісткі Матчынага руху 328 – Алена Кузьміна і Ала Берналь. Галадоўку распачыналі тры матулі, але адна з іх – Ірына Агароднікава – мусіла спыніць свой удзел на дзявяты дзень, калі ў жанчыны здарыўся гіпертанічны крыз.

Актывісткі Матчынага руху 328 галадавалі ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну ад 16 ліпеня. Яны патрабуюць перагляду судовага выраку іх дзецям, а таксама ўсім асуджаным паводле часткі 4 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу (распаўсюд наркотыкаў групай асобаў). Галадоўніцы дамагаюцца стварэння незалежнай камісіі і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка, каб абмеркаваць праблему не толькі сваіх дзяцей, але агулам праблему наркаманіі і наркотыкаў у Беларусі.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Дэпутат пакінуў зварот галадоўніц без разгляду

«Першае, што мы зрабілі пасля спынення галадоўкі, – паехалі ў Рудзенск. Гэта бліжэйшы ад вёскі Востраў гарадскі пасёлак. Там мы напісалі падзяку лекарам гарадскога шпіталю, якія сачылі за нашым самаадчуваннем, вельмі добра да нас ставіліся, спачувалі», – кажуць галадоўніцы.

Лекары параілі ім, як выходзіць з галадоўкі – пачаць з кавуна, а потым перайсці на тушаную гародніну.

«Лекар і медсястра наведвалі нас штодня – гэта адзіныя, хто цікавіўся намі з боку ўладаў», – кажуць жанчыны.

Актывісткі Матчынага руху 328 накіравалі заявы аб распачатай галадоўцы і сваіх патрабаваннях у розныя дзяржаўныя структуры. Аднак атрымалі адказ толькі ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў гэтай акругі Алега Белаконева. Генерал-маёр Белаконеў пакінуў на звароце маці-галадоўніц рэзалюцыю: «Без разгляду».

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Немцы былі шакаваныя тэрмінамі, якія атрымлівае нашыя моладзь

Жанчыны кажуць, што не было ніводнага дня, калі б яны заставаліся адны: падтрымаць прыязджалі не толькі актывісткі Матчынага руху, але і грамадскія, палітычныя актывісты. Самыя прыемныя візіты – ад маладых людзей, якія адбылі пакаранне паводле артыкулу 328 і ўжо вышлі вышлі на волю.

«Дзякуючы нашаму змаганню, у некаторых былі скасаваныя па чатыры гады турмы. Таму яны нам вельмі дзякавалі, прапаноўвалі сваю дапамогу, грошы на патрэбы руху – гэта вельмі кранае. У такія хвіліны асабліва разумееш, што нашыя намаганні не дарэмныя», – кажуць жанчыны.

«Прыязджалі таксама група журналістаў і актывістаў з Нямеччыны. Дык яны былі проста ў шоку, калі пачулі пра тэрміны, на якія асуджаюць нашую моладзь», – узгадваюць жанчыны.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Сын патэлефанаваў з калоніі і падзякаваў за галадоўку

На завяршэнне галадоўкі матулі даведаліся, што пра іх учынак ведаюць у калоніях, дзе адбываюць тэрмін іх сыны.

«Учора раніцай раптам тэлефануюць мне з бабруйскай калоніі: у мяне ўпала сэрца, ня ведала што думаць і чакала самага горшага, – узгадвае Алена Кузьміна. – А гэта мой Кірыл – вясёлы, радасны, задаволены, кажа: «Мама, мы ўсё ведаем, дзякуй вам». І ён распавёў, што вязні прачыталі артыкул Міхаіла Пастухова ў «БелГазеце» пра нашу галадоўку. Дык тыя, хто па артыкулу 328 сядзіць, напісалі нам лісты з падзякамі і склалі ў адзін канверт, каб адправіць. Адміністрацыя не дазволіла, таму ў панядзелак яны будуць адпраўляць кожны паасобку. Але пасля гэтага сыну дазволілі мне патэлефанаваць».

Гэтаксама адгукнуся з калоніі ў Івацэвічах і Аляксандр – сын другой галадоўніцы Алы Берналь.

«Ён злучыўся са мной праз скайп, казаў: «Мама, я табой ганаруся». А калі размаўляў, то да камеры падышлі яшчэ некалькі чалавек, махалі нам рукамі, усміхаліся», – усміхаецца матуля.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Нашы дзеці ў турме, а ім прыходзяць запрашэнні галасаваць»

Не зважаючы на тое, што ўлады ніяк не адрэагавалі на галадоўку, жанчыны кажуць, што яна не была безвыніковай.

«Дасягнутая галоўная мэта – ізноў прыцягнутая ўвага да праблемы, якая патрабуе вырашэння. Нашы дзеці асуджаныя на доўгія гады, а праблема наркотыкаў у краіне нікуды не знікла: наркатрафік працуе, а наркаманія толькі маладзее», – кажуць яны. Таму актывісткі Матчынага руху 328 не збіраюцца спыняць змаганне, у тым ліку, праз удзел у выбарах.

«У суботу ўвечары будзем у Менску, каб у нядзелю пайсці прагаласаваць: спачатку ў Менску, дзе зарэгістраваная Ала, затым вернемся ў Мар’іну Горку, дзе зарэгістраваная я, – кажа Алена. – Мы хочам праверыць таксама спісы, бо нашыя сыны ўжо па чатыры гады знаходзяцца ў турме, а ім працягваюць прыходзіць запрашэнні на галасаванне. Хто і як будзе выкарыстоўваць іх галасы?».

На пытанне, за каго будуць галасаваць, жанчыны аднолькава адказваюць: за Святлану Ціханоўскую.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Улады мусяць змагацца не з наркаманамі, а з наркотыкамі

Частка 4 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакаранне за выраб і распаўсюд наркотыкаў у складзе арганізаванай групы. Тэрмін зняволення паводле ч.4 арт. 328 максімальны – да 20 гадоў. Актывісткі Матчынага руху 328 заяўляюць, што іх дзеці – не вытворцы наркотыкаў, не арганізатары наркатрафіку, а наркаманы, якія патрабуюць лекавання. Натуральна, што тэрміны іх зняволення мусяць быць зменшаныя.

«Улады павінны змагацца не з наркаманамі, а з наркотыкамі», – заяўляюць жанчыны.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Матчын рух 328 абʼядноўвае каля 250 жанчын, чые дзеці адбываюць пакаранне тэрмінамі 10-20 гадоў. Разам яны ладзілі дзве галадоўкі пратэсту ў 2018 і ў 2019 гадах. Актывісткі дамагліся паслаблення пакарання паводле другой і трэцяй частак артыкулу 328: да двух гадоў зніжэння мінімальнага зняволення, а таксама амністыі паводле артыкулу 328. Зараз матулі дамагаюцца перагляду пакаранняў паводле чацвёртай – апошняй і самай жорсткай часткі «наркатычнага» артыкулу.

Галіна Абакунчык Belsat.eu

Стужка навінаў