Актывіста «Моладзі БНФ», якога затрымалі падчас раздачы запрашэнняў на канцэрт 25 сакавіка, пакінулі на Акрэсціна

Актывіста «Моладзі БНФ» з Гомля Арцёма Касаварава, якога затрымалі падчас раздачы ўлётак з запрашэннем на дазволены мітынг-канцэрт у гонар стагоддзя БНР, пакінулі да суду ў ізалятары на Акрэсціна. Па якім артыкуле адміністратыўнага кодэксу ён абвінавачваецца – невядома.

Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку актывіст Юрась Лукашэвіч.

https://www.facebook.com/juras.lukasevic/posts/365201620615943

Паводле праваабаронцаў, сёння чатыры актывісты «Моладзі БНФ» (трое з іх – няпоўнагадовыя) ішлі па вуліцах Менска і раздавалі ўлёткі-запрашальнікі на будучае святочнае мерапрыемства. Праходзячы па вуліцы Гарадскі вал, двое з іх вырашылі сфатаграфавацца ля скульптуры менскага гарадавога. Менавіта ў гэты момант да маладых людзей падышлі супрацоўнікі міліцыі.

І хоць актывісты мелі пры сабе копію дазволу на мерапрыемства ад гарвыканкаму, міліцыянты вырашылі затрымаць дваіх з іх «для размовы». Актывістаў павезлі ў РУУС Маскоўскага раёну, аднаго з іх пазней адпусцілі, а Арцёма Касаварава – павезлі на Акрэсціна, дзе ён правядзе гэтую ноч.

ІІ, belsat.eu

Hавiны