Актывіст звярнуўся ў Камітэт ААН праз парушэнні яго права на мірныя сходы

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў звярнуўся з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. Падставай для звароту, які актывіст накіраваў 6 сакавіка, стаў сістэматычны пераслед за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй, паведамляе «Гомельская Вясна».

За снежаньскія акцыі пратэсту актывіста Леаніда Кулакова тройчы пакаралі штрафамі па 50 базавых велічыняў на агульную суму 3 825 рублёў. Акрамя таго актывіст правёў за кратамі дзесяць дзён. Леанід Кулакоў лічыць, што беларускія ўлады чатыры разы парушылі яго права на мірныя сходы і выказванне меркавання.

«Нават калі я прыняў удзел у несанкцыянаваных акцыях, суд быў абавязаны разглядаць мае захады зыходзячы ў першую чаргу з міжнародных абязальніцтваў нашай краіны ў галіне правоў чалавека, а менавіта, даказаць прапарцыянальнасць і мэтазгоднасць уведзеных на мае правы абмежаванняў», – заяўляе Леанід Кулакоў.

Леанід Кулакоў просіць Камітэт ААН усталяваць факт парушэння яго правоў на мірныя сходы і выказванне меркавання. Ён таксама просіць абавязаць беларускі ўрад прывесці нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах і практыку яго прымянення ў адпаведнасць з міжнароднымі абязальніцтвамі краіны.

Леанід Кулакоў і раней звяртаўся ў Камітэт ААН па правах чалавека. На разглядзе цяпер ягоная скарга ў справе арышту на 10 дзён за вывешванне на плоце парку імя Чалюскінцаў у Менску расцяжкі з надпісам «Свабоду Хартыі-97».

https://belsat.eu/news/novyya-zatrymanni-udzelnikau-pratestau-suprats-integratsyi/

СКbelsat.eu

Hавiны