Актывіст і музыка Ігар Банцэр паспрабаваў абскардзіць рашэнне суда. Няўдала


На суд ён прыйшоў апрануты ўвесь у чорнае – бо менавіта так выглядае, паводле музыкі, беларуская сістэма правасуддзя.

Ігар Банцэр.
Фота: Belsat.eu

10 верасня ў Гарадзенскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі грамадскага актывіста і музыкі Ігара Банцэра. Ён абскарджваў рашэнне Ленінскага суда Горадні, якое было вынесена яшчэ ў жніўні. Справа выглядала так: 10 жніўня Ігара Банцэра затрымалі з ужываннем сілы ў памяшканні крамы «Еўраопт», што на вуліцы Ціміразева ў Горадні. Адбыўся суд, на якім музыку прысудзілі 20 базавых велічыняў (540 рублёў) па артыкуле 23.34. ч.1 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).На суд Ігар Банцэр не мог выклікаць адваката. Сёння, 10 верасня, Гарадзенскі абласны суд разгледзеў скаргу на рашэнне Ленінскага суда. Для музыкі – няўдала. Суддзя Валерый Раманоўскі пакінуў пастанову Ленінскага суда Горадні без зменаў.

«Я адмыслова апрануўся на суд ва ўсё чорнае, надзеў чорную маску і акуляры, бо гэтак сёння выглядае беларуская сістэма правапарадку і правасуддзя. Калі супраць удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту па «Скайпу» сведчаць нейкія міліцыянты з закрытымі тварамі і са змененымі прозвішчамі, то пра што тут можна размаўляць? Суд ужо ператварыўся ў цырк», – распавёў «Белсату» Ігар Банцэр.

АД, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў