Аголеныя драты і паламанае абсталяванне ў аўтах хуткай. Гомельскім медыкам забаранілі распавядаць негатыў аб працы


Ліст з апісаннем няпростых умоваў працы даслаў блогеру NEXTA работнік станцыі хуткай дапамогі Гомля. Медык піша, што немагчыма дзяжурыць у новай адзежы і што не выконваецца тэхніка бяспекі ў карэтах хуткай.

«Новая бардовая спецвопратка медыкаў пашытая з сінтэтыкі, у машыне пры +35 – гэта пекла. У некаторых аўтах не працуюць шклопад’ёмнікі, таму яны заўсёды зачыненыя, а на зіму заляпляюцца скотчам. Акумулятары электракардыёграфаў не трымаюць зараду, таму без разеткі зрабіць ЭКГ немагчыма. Драты аголеныя, медыкі самі іх замотваюць ізастужкай, тэхніка бяспекі не выконваецца. Некаторыя брыгады працуюць па адным фельчары. Калектыўныя скаргі не разглядаюць, просяць пазначыць прозвішча, імя, каб «асабіста адказаць».

Да ліста медык далучыў фота даручэння ад Ігара Баранава, начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму. У ім пяць пунктаў, сярод якіх – і патрабаванне пра «недапушчальнасць размяшчэння негатыву ў інтэрнэце».

Ліст Ігара Баранава да медыкаў
Ліст Ігара Баранава да медыкаў

Мы папрасілі галоўнага ў Гомельскай вобласці медыка пракаментаваць патрабаванні, а таксама патлумачыць, чаму ён забараняе падначаленым апавядаць пра ўмовы працы.

«Я не магу вас спалучыць. Гэта тэхнічна немагчыма. Чаму? Ну, таму. Так, гэта ягоная прыёмная, але немагчыма», – заявіла belsat.eu сакратарка Ігара Баранава.

Пазней яна ўдакладніла імя і прозвішча журналіста і пайшла ў кабінет начальніка. Аднак Ігар Баранаў, паводле яе, адмовіўся каментаваць справу, бо «гэта службовы дакумент».

Высветліць умовы працы мы паспрабавалі і ў Міхаіла Прыступіна, галоўнага доктара Гомельскай гарадской станцыі хуткай медычнай дапамогі. Аднак яго не было на працоўным месцы.

«У яго экзамен з інтэрнамі, не магу сказаць, калі ён прыйдзе», – сказалі нам у прыёмнай.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў