Адвакаты кіраўніка Слонімшчыны распавялі пра «маральныя пакуты» ад публікацыі NEXTA


У судзе Менскага раёну распачаўся разгляд пазову старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча супраць блогера Сцяпана Святлова, які вядзе тэлеграм-канал «NEXTA». Адвакаты пазоўніка настойваюць на тым, што праз інфармацыю, распаўсюджаную NEXTA, чыноўнік зазнаў маральныя пакуты.

Сам Генадзь Хоміч у суд не прыйшоў. Не з’явіўся на паседжанні і Сцяпан Святлоў. Блогер загадзя патлумачыў у каментары belsat.eu, што не давярае беларускаму суду і да таго ж цяпер знаходзіцца ў Польшчы.

Падставаю для пазову стала публікацыя ў тэлеграм-канале «NEXTA», дзе распавядалася, што Генадзя Хоміча і ягоную жонку нібыта затрымлівалі за кіраванне аўтамабілем нападпітку, праз што чыноўнік можа страціць сваю пасаду. Але Хоміч сцвярджаў, што ні ён, ні ягоная жонка ніколі не кіравалі аўтамабілем у нецвярозым стане.

Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч.
Фота: www.belarus.by

Першапачаткова ў пазове, які Хоміч накіраваў у суд, чыноўнік настойваў на тым, каб спагнаць з блогера 50 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі за «маральную шкоду». Аднак на судовым паседжанні 18 кастрычніка адвакатка Хоміча Марыя Колесава-Гудзіліна заявіла, што пазоўнік зніжае суму кампенсацыі да 10 тысяч рублёў. Прычыну пяцікротнага зніжэння сумы пазову яна не патлумачыла.

Колесава-Гудзіліна таксама прадставіла ў суд даведку, што Хоміч (як і ягоная жонка) у 2019 годзе не пазбаўляўся кіроўных правоў і не прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.

Адвакаты Марыя Колесава-Гудзіліна і Арцём Калоша ў судзе.
Фота: Belsat.eu

Адвакат чыноўніка Арцём Калоша адзначыў, што інфармацыя блогера NEXTA атрымала вялікі рэзананс, праз што Хоміч зазнаў «глыбокія маральныя пакуты».

«Маральныя пакуты звязаныя з пачуццём перажывання, з пачуццём усведамлення таго, што людзі навокал яго асуджаюць, – заявіў Арцём Калоша ў судзе. – Праз тое, што наш давернік з’яўляецца дзяржаўным служачым, можна сказаць, што гэтая інфармацыя ганіць як самога даверніка, так і ў цэлым статус дзяржаўнага служачага».

Калоша дадаў, што сама публікацыя, на ягоную думку, мела не нейтральны, а з’едлівы характар, там прысутнічала шмат ацэначных меркаванняў.

Чыноўнік таксама падаў пазовы супраць СМІ, якія перадрукавалі інфармацыю NEXTA: «Беларускі партызан», парталы 21.by і bobruisk.ru («Вячэрні Бабруйск»). Як паведаміла Колесава-Гудзіліна ў судзе, з 21.by ужо дасягнутае міравое пагадненне: уласнік парталу прызнаў недакладнасць інфармацыі і пагадзіўся на кампенсацыю.

Блогер NEXTA – Сцяпан Святлоў

Наступнае судовае паседжанне паводле пазову Хоміча супраць Сцяпана Святлова адбудзецца 12 лістапада аб 11:00.

Справу разглядае суддзя Аляксандр Стараказнікаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў