Адразу два беларускія тэатры запісалі відэазвароты супраць гвалту і парушэння правоў


17 жніўня незалежна адзін ад аднаго апублікавалі ўласныя відэазвароты адразу два беларускія тэатры – Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Акторы выступілі супраць гвалту і парушэння правоў грамадзянаў у Беларусі.

Калектыў Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру такім чынам выказаў занепакоенасць тым, што зараз адбываецца ў краіне.

«Мы занепакоеныя тым гвалтам і ўсёдазволенасцю, якія адбываюцца з боку сілавых структураў з адабрэння ўладаў. У краіне не выконваюцца канстытуцыйныя правы. Права на сумленныя і празрыстыя выбары, права на свабоду сходаў і бяспеку. Права на жыццё і права на працу. Мы дзякуем тым людзям, якія падключаюцца да ланцуга салідарнасці, дапамагаюць каля будынкаў турмаў і ізалятараў, аказваюць падтрымку і займаюцца інфармаваннем. Мы просім беларусаў не паддавацца на правакацыі і агрэсію, выкарыстоўваць толькі мірныя формы пратэсту. Мы патрабуем расследаваць кожны выпадак затрымання і прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у збіцці, прыніжэнні, запалохванні грамадзянаў згодна з артыкулам 128 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Мы патрабуем, каб улада пералічыла галасы, зрабіўшы гэта сумленна і празрыста, а па даказаным фактам фальсіфікацыі пры падліку галасоў распачаць крымінальныя справы паводле артыкула 192-га Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Мы патрабуем вызваліць палітвязняў. Мы патрабуем, каб улада і сілавыя структуры ўзялі на сябе поўную адказнасць за ўсе супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да грамадзянаў. Мы хочам жыць у мірнай, незалежнай, цывілізаванай, прававой дзяржаве! Жыве Беларусь!», – сказана ў тэксце звароту.

Гэтаму звароту папярэднічала затрыманне рэжысёра тэатру Уладзіміра Пятровіча, якога суд асудзіў на 3 содняў адміністрацыйнага арышту. Пасля гэтага некаторыя супрацоўнікі Магілёўскага драматычнага тэатру выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і падалі калектыўны зварот у дзяржаўныя органы з аналагічнымі патрабаваннямі.

17 жніўня новае відэа запісалі і супрацоўнікі Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.

Гэтым відэа яны падкрэслілі, што нікога не дадуць пакрыўдзіць – ні свайго дырэктара, ні прыбіральшчыцу. Гэтае відэа спатрэбілася пасля некаторага ціску на ўстанову, каб удакладніць сваю пазіцыю – што яна непахісная. Яшчэ раней на тэатры з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг, а акторы запісалі відэазварот супраць гвалту і за мір. Відэазварот быў апублікаваны 12 жніўня, але на афіцыйным канале тэатру зʼявіўся толькі 17 жніўня

14 жніўня генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Павал Латушка таксама зрабіў зварот.

«Мне сорамна за тое, што адбыліся катаванні над простымі людзьмі. Але я ганаруся, што людзі прагнуць мець сваё ўласнае меркаванне і хочуць, каб яго паважалі, чулі і нарэшце пачулі. І хачу верыць у тое, што нашае грамадства незалежна ад поглядаў будзе аб’яднана верай у Беларусь», – казаў Павал Латушка.

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў