Аднаго малавата. У Віцебску паставілі чарговы памятны знак АМАПу


16 лістапада ў абласным цэнтры ўрачыста адкрылі памятны знак у гонар 30-годдзя Атраду міліцыі асаблівага прызначэння ў Беларусі.

Скульптура ўяўляе з сябе беркута, сімвал спецпадраздзялення, з эмблемай і дэвізам «Законнасць, гонар, адвага».

 

На цырымонію прыйшлі ветэраны АМАПу, а таксама начальнік УУС аблвыканкаму генерал-маёр міліцыі Іван Кубракоў.

«АМАП – адносна маладое падраздзяленне ў сістэме МУС, яно было створана ў 1988 годзе. Яго стварэнне на той час было неабходна, таму што ў Беларусі з’яўляліся бандфарміраванні, мелі месца напады на вуліцах на людзей, у тым ліку ўзброеныя. Сёння атрад затрымлівае асабліва небяспечных злачынцаў, сочыць за грамадскім парадкам на масавых мерапрыемствах, у тым ліку міжнародных», – адзначыў Іван Кубракоў.

Першы помнік АМАПаўцам з’явіўся летась у Магілёве на тэрыторыі базы спецпадраздзялення – то бок практычна на закрытым аб’екце. Большасць магілёўцаў яго ніколі не бачылі.

«Гэткія знакі павінны з’явіцца ў шмат якіх падраздзяленнях МУС», – паведаміў тады Мікалай Мельчанка, часова выканальнік абавязкаў міністра ўнутраных справаў Беларусі.

АМАП сумна вядомы разгонам апазіцыйных мітынгаў і дэманстрацыяў, збіццём актывістаў і пажылых людзей.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў