Адмыслоўцы патрацілі тры гады, каб знайсці «экстрэмізм» у калекцыі менскага меламана


Роўна праз тры гады актывісту Яўгену Жураўскаму вярнулі практычна ўсе аўдыё-касеты, CD-дыскі і вінілавыя пласцінкі, канфіскаваныя падчас налёту на канцэрт у клубе «Піраты» 10 студзеня 2015 года, піша spring96.org.

Расшыфроўка значэнняў абрэвіятураў, эмблемаў і лагатыпаў, а таксама пошук інфармацыі аб музычных калектывах і тэкстах эксперты ажыццяўлялі на інтэрнэт-сайтах пры дапамозе пошукавай сістэмы «Google», адзначае spring96.org.

У заключэнні Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі Міністэрства інфармацыі Беларусі пад № 100 ад 21 верасня 2017 года гаворыцца, што сярод прадстаўленых на экспертызу матэрыялаў выявіліся тыя, якія ўтрымліваюць прыкметы экстрэмізму. Такімі матэрыяламі былі прызнаныя вінілавыя пласцінкі «The Prowlers», «Produzenten der froide», «Zla Krew», «Knights of the oppressed», а таксама укладыш да пласцінкі «Guts out», і чатыры CD: «Solidari Tat», «Social Workers», «Cios», «Rash revolt in Russia».

«Экстрэмісцкімі» таксама былі прызнаныя вінілавыя кружэлкі, дзе на вокладцы была абрэвіятура АСАВ (варыянты расшыфроўкі: «All Cops Are Bastards» (усе копы – вырадкі) ці «All Coppers Are Bastards» (усе мянты – вырадкі). Эксперты адзначылі, што гэтае выказванне абразлівае для прадстаўнікоў органаў правапарадку.

Налёт на менскі клуб «Піраты» адбыўся ўвечары 10 студзеня 2015 года. На панк-канцэрт уварваліся супрацоўнікі міліцыі і АМАПу ў масках, якія паставілі ўсіх тварам да сцяны. Праваахоўнікі нібыта шукалі «спайсы». Наркотыкі не знайшлі, але затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку і Жураўскага.

Яўген Жураўскі нязгодны з рашэннем экспертаў і збіраецца яго абскарджваць.

ЮВ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў