Міліцыянты ўчынілі аблаву на канцэрце


Праз паўгадзіны ад пачатку панк-канцэрту ў менскі клуб «Піраты» уварваліся працаўнікі міліцыі і АМАПу ў масках. Нібыта шукалі «спайсы».

Наведнікаў паставілі тварам да сцяны, некаторых паклалі на падлогу, таксама запытвалі і перапісвалі пашпартныя звесткі. Усяго ў памяшканні было з сотню людзей. Праз некаторы час пад клуб падагналі тры аўтазакі, але слухачоў пачалі адпускаць.

Прысутныя паведамілі, што міліцыянты нібыта шукалі «спайсы», нічога не знайшлі, але канцэрт быў сарваны. Праваабарончы цэнтр «Вясна» падае інфармацыю пра затрыманне ад 2 да 4 асобаў, якія мелі  панк-атрыбутыку (дыскі, кнігі, тышорткі).

«Нават калі была абгрунтаваная інфармацыя пра наркотыкі, важна суразмернасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі: тварам на падлогу – не самы гуманны метад, як і выкарыстанне масак для спецназу. Але пры гэтым мы назіраем рэгулярную практыку беспадстаўнага ўмяшання прадстаўнікоў органаў у правядзенне канцэртаў з правяраннем дакументаў і нават затрыманнямі, – каментуе праваабаронца Наста Лойка. – Варта прыгадаць, як у сакавіку 2012 года ў клубе «Ё-маё» сарвалі канцэрт з ужываннем фізічнай сілы і прыцягненнем да адміністратыўнай адказнасці сацыяльных актывістаў, а ў гэтым жа клубе праводзіліся неаднаразовыя праверкі дакументаў падчас мерапрыемстваў ЛГБТ-супольнасьці. Такія паводзіны з боку супрацоўнікаў міліцыі наводзяць на думку пра іншую матывацыю, а менавіта пераслед «групаў іншадумцаў», папаўненне базы дадзеных «недобранадзейных», што, безумоўна, выкарыстоўваецца ў рэпрэсіўных мэтах і выходзіць за межы права».

МЛ, паводле spring96.org

Стужка навінаў