«Адліваю пярэпалах, каб мінаўся». Як мы хадзілі да бабкі воск выліваць


Распавядаем пра адзін з самых старажытных спосабаў варажбы і лекавання беларусаў.

Калі слова чарадзейства падзяліць на дзве часткі, атрымліваецца «чара» і «дзейства» – магічны акт з чарай. Дзякуючы гэтаму старажытнаму рытуалу нашыя продкі спрабавалі зазірнуць у будучыню, высвятлялі, хто спалохаў або нагнаў псуты, і якая хвароба дакучае чалавеку. Самы распаўсюджаны варыянт «дзеі з чарай» у Беларусі – выліванне воску, і гэты рытуал не толькі не знік, але дагэтуль карыстаецца вялікай папулярнасцю. Мы наведалі дзвюх знахарак, якія па сённяшні дзень займаюцца гэтай практыкай.

Каб пярэпалах не саваўся

Марыю Макарчук мы знайшлі ў вёсцы Агароднікі Мастоўскага раёну, у 35 км ад Горадні. Яна сціпла сядзела на лавачцы і частавала нечым свайго кудлатага сабачку. Баба Марыя (так у вёсцы клічуць жанчыну) вылівае воск ад пярэпалаху. У Беларусі гэтую хваробу клічуць па-рознаму : пярэпалах, спалох, ляк. Спадарыні Марыі было за 40, калі яе навучылі выліваць воск, а сёння ёй 72 гады.

Марыя Макарчук.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Дзеці былі, таму і навучылася. Гэта цяпер толькі сабакі па вёсцы лётаюць, а ўпярод гусі табунамі хадзілі. Бывало, гусак дзіця зажэне і што рабіць? Тады ў нас была баба адна, дык хадзілі да яе, каб пярэпалах адліла. А ў яе мужык брыгадзірам быў, п’яніца такі, дык усё сварыўся, каб людзі не ішлі. І потым яна мне кажа: «навучу цябе». І навучыла. Напісала на бумажку. Каб запомніла. І от, ад пярэпалаху выліваю. Больш нічога не ўмею, ні варажыць, ні рожу выводзіць. Толькі ад пярэпалаху», – распавядае спадарыня Марыя, запрашаючы нас у хату паказаць, што да чаго.

«Трэба свечку царкоўную ўзяць. Потым на газ ложку пакласці з воскам. Шнурочак са свечкі дастаеш і няхай топіцца. Потым у кубак вадзічкі набраць. І гэты растоплены воск над галавой у вадзічку зліваеш. Кубак, пажадана, жалезны каб быў. І от так над галавой выліваеш тры разы. І воск паказвае, чаго чалавек спалохаўся. Можа быць і гусак, і сабака, і чалавек які. Але трэба каля парога сядаць і дзверы каб былі зачыненыя», – распавядае Марыя Макарчук.

Перад тым як «выліваць», воск з грамнічнай свечкі неабходна растапіць.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Праводзячы рытуал, неабходна прамаўляць адмысловыя малітвы, якія баба Марыя некалі запісала на паперку. Жанчына доўга не пагаджалася здрадзіць сакральныя словы. Аднак праз 15 хвілін угаворванняў, яна ўсё ж такі іх прамовіла. Старажытную замову яна працытавала па-беларуску.

«Адліваю пярэпалах, каб мінаўся, каб ніколі не саваўся. Выходзь на ціхую воду, на сухія ляса і на сваё месца, каб Бог даў мінула. Багародзіца Дзева радуйся. Благародная Марыя, Гасподзь з табой».

Гэтыя словы трэба сказаць тры разы. Баба Марыя паскардзілася, што хоць людзі ўвесь час прыязджаюць, пераймаць уменне ніхто не хоча.

«Трэба перадаваць, калі ты апошні ў сям’і, а апошні, бывае, і не хоча», – дадае жанчына.

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Я ж не Бог, каб усё ведаць»

Наступным разам мы вырашылі не казаць, што мы журналісты і паспрабаваць варажбу на сабе. Другую знахарку таксама клічуць баба Марыя, а жыве жанчына ў вёсцы Альшанка побач з Горадняй. Старэйшая жанчына мае вельмі слабы зрок, аднак варожбы яна праводзіць штодзень. Пра сваё жыццё прыходзяць спытаць самыя розныя людзі: хлапчук каля 20 год – пра каханне, жанчына каля 40 – пра мужа і лёс дачкі, прыязджаюць пары з маленькімі дзеткамі ды нават немаўляткамі.

«Дзеўка ў цябе гуляшчая. Усе яны зараз такія. Дзыгаюць у ложак адразу», – даносіцца голас з-за дзвярэй. Праз 15 хвілін баба Марыя адпусціла юнака і запрасіла мяне ў хату.

Дом зхнахаркі ў вёсцы Альшанка.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Ах, Божа, Божа! Во бяда, газ заканчваецца. І так цэлы дзень, пастой на нагах. Аднаму тое, другому тое. Яшчэ ходзяць ногі, то чалавек жыве, мае дзетачкі. А гэта хто? Хэхаль ваш?», – указвае баба Марыя на фатографа. Жанчына пачынае тапіць жоўтую грамнічную свечку ў жалезным кубку.

«Колькі вам гадоў? Жанаты чалавек? Ні з кім не жылі? Разышліся? Дзетак няма? Як 30 не маеце, само дзяцей вадзіць! Свой дом маеце, ці наёмная? Колькі пакояў? Чаго не гаворыце? Я ж не пайду да вас жыць. Дзесяціэтажка? Высока? То чаго вы до гэнай пары чалавека не знойдзеце? Усе жанатыя? Баіцеса іх? Бацькі ест яшчэ? З кім вы зараз ругаліся? З якім мужыком? Машыну маеце?», – непасрэдныя пытанні бабы Марыі, здавалася, не скончацца ніколі. Урэшце жанчына пачала выліваць воск над галавой, прамаўляючы малітву тры разы і робячы знак крыжа.

Астылі воск паказвае тое, што спужала чалавека.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«У імя Ойца, Сына, Духа. Апякуйса над сям’ёю, каб шчасце і доля была. Дай Божа, каб сям’я была, шчасце было і харошага чалавека».

Жанчына адышла ўбок і ў вялікай місцы з алюмінею пачала разглядаць астылы воск. Словы бабы Марыі, хочацца цытаваць без асаблівага каментара.

«Не сказала б, што вы плохо жывеце. Порчы няма.Такі стаіць каля вас мужчына, не малы, не высокі, такі срэдні. Га? Ест? Не плахі чалавек, але жанаты хіба? Не разводнік? Няма? Мусі, выбіраеце сільна? З жалудкам праблемы есць? Не плахая ў вас жызнь, але такой вясёлай жызні нету. Хто-та ў нагах стаіць, хто-та памёр. Дарога ест. Куды едзеце? Хочацца, каб вы жыць маглі, каб вам сям’я была. Але каб чалавек папаў, бо зараз знаеце, бабы самі вінаватыя, не глядзяць. Хату, калі будзеце мець, не адпісвайце. Падумайце акуратненька, не лягайце зразу спаці. І не цягніце, будзе чалавек харошы, старайцеся прытуліць і ўзяць за мужыка. Бо спяць, спяць, а потым жызні нікакой. Але жызнь у вас чыстая ідзе, акуратная. Не сказала б, што вы зусім… не чалавек. Розум маеце? Аканомная? Трэба аканомнай быць. Жывеш, жывеш, а дурачком памрэш, я ўсё кажу. Дзеці будуць, калі не зацягнеш. Толькі от ці двое, ці адзін, ці дзяўчынка, ці хлопчык, не ведаю. А ты як хочаш? Я не Бог, каб усё ведаць, праўда? Гэта трэба ў Бога прасіць…», – закончыла варажбу баба Марыя.

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Калі шчыра, не ўразіла. Як аказалася, такая варажба, не дае канкрэтнага прагнозу на будучыню, а без дадатковых пытанняў спадарыня Марыя не сказала б нічога і пра сучаснасць. Тым не менш, людзі натоўпам кожны дзень прыязджаюць да жанчыны і плацяць за сеанс: кожны – колькі захоча.

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў