Ад Скірмунта – да Арміі Краёвай. Распачала працу польска-беларуская гістарычная канферэнцыя


Міжнародная навуковая канферэнцыя «Палякі ў Беларусі (з канца ХІХ да пачатку ХХ стагоддзя)» пачала працу ў Горадні. Генеральны консул Польшчы шкадуе, што яна пакуль мае праходзіць у межах консульства, а не ў дзяржаўным універсітэце.

Удзельнікі канферэнцыі

Гэта ўжо другая падобная канферэнцыя, якая збірае гасцей з Беларусі і Польшчы. Сярод запрошаных – як вядомыя польскія даследчыкі, так і добра знаёмыя беларускаму грамадству гісторыкі: Алесь Смалянчук, Ігар Мельнікаў, Яўген Мірановіч ды іншыя. Тэмы дакладаў – ад дзейнасці Скірмунта і Вайніловіча да Арміі Краёвай ды гісторыі Касцёлу ў 1990–2000-ыя гады.

 

Тадэвуш Гавін, былы старшыня Саюзу Палякаў

Цікава, што сам генеральны консул у Горадні Ярослаў Ксёнжэк паводле адукацыі гісторык, таму і паставіўся да ідэі канферэнцыі прыхільна:

«Кажуць, кожнае пакаленне піша гісторыю наноў, але я некалі не верыў у гэта. Добра, барацьба з Камунай была і барацьбой за гістарычную праўду. Згодны. Але што новага можна ўжо сказаць пра бітву пад Грунвальдам? Давесці, што там перамаглі немцы?.. Цяпер жа я бачу, што жыццё ідзе наперад і чалавек мае перыядычна азірацца, каб па-новаму ўбачыць і мінулае».

Удзельнікі канферэнцыі

Разам з тым, спадар Ксёнжэк адзначыў, што канферэнцыя, на жаль, пакуль праводзіцца не на базе Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту, а памяшканне консульства ў Горадні не навуковая пляцоўка.

Ярослаў Ксёнжэк, генеральны консул Польшчы ў Горадні

Зрэшты, некаторыя прадстаўнікі ГрДзУ на адкрыцці канферэнцыі былі.

Ян Маліцкі, дырэктар Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту

«Гэтай канферэнцыі не было б, каб сам консул не быў гісторыкам, – звяртае ўвагу Ян Маліцкі, дырэктар Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту. – На наступныя два гады гэта радасць для гарадзенцаў! Так склалася жыццё, што навуковец быў адарваны ад кафедры і стаў консулам. Але вам варта карыстацца з ягонага навуковага запалу!»

Удзельнікі канферэнцыі

Канферэнцыя мае доўжыцца да нядзелі 24 лістапада і будзе ўключаць у сябе як даклады і дыскусіі, так і выезды – напрыклад, на Аўгустаўскі канал пад Горадняй.

АК, фота Васіль Малчанаў, Belsat.eu

Стужка навінаў