Ад Маршу пенсіянераў да адклікання амбасадара Літвы. Як прайшоў 58-мы дзень пратэсту


Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Марш пенсіянераў у Менску, 5 кастрычніка. Фота – belsat.eu

Пратэсты

Упершыню за апошнія некалькі тыдняў пратэсты ў буднія дні вярнуліся ў цэнтр гораду: сёння на праспекце Незалежнасці адбыўся Марш пенсіянераў.

Удзельнікі маршу сабраліся на плошчы Незалежнасці і дайшлі да плошчы Якуба Коласа. Дэманстранты неслі плакаты «Мы за мір. Жыве Беларусь. Не садызму», «Загляне сонца i y нашае аконца», «Сыходзь», «Мы не змаглі раней, дапаможам цяпер», «Не веру Лукашенка, БТ i RT. Веру сваiм дзецям і Святлане Алексiевiч». Скандавалі «Бабулі – супраць АМАПу», «Нашыя дзеці – лепш за ўсіх» і «Жыве Беларусь».

Пратэстоўцы дайшлі да будынку МДЛУ, каб падтрымаць студэнтаў. Яны скандавалі «Бабулі – супраць АМАПу», «Нашыя дзеці – лепш за ўсіх» і «Жыве Беларусь».

Акрамя таго, адбыліся ўжо традыцыйныя лакальныя акцыі ў розных кропках Менску. Акцыі салідарнасці былі заўважаныя ў Сляпянцы, Малінаўцы, Сухарава, Шабанах, мікрараёнах Захад-4 і Ангарская, на Партызанскім праспекце і ля кінатэатру «Беларусь». У Лебядзіным і Новай Баравой людзі ладзілі канцэрты з пратэстнай тэматыкай.

Працягваліся і студэнцкія пратэсты. Студэнты МДЛУ і БДУІР ладзілі акцыі салідарнасці з Дзмітрыем Мазурам, якога пакаралі агулам 38 соднямі арышту. А навучэнцы Акадэміі мастацтва падтрымалі народную артыстку і настаўніцу Зою Белахвосцік, якую вымусілі звольніцца.

Палітычныя рэпрэсіі

Улады ў сваю чаргу працягвалі пераслед удзельнікаў пратэстаў ды іншадумцаў.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

ГУБАЗіК затрымаў пецярых хлопцаў ва ўзросце ад 21 да 30 гадоў «каардынавалі натоўп, а таксама ўдзельнічалі ў счэпцы і блакаванні дарожнага руху» падчас Маршу вызвалення палітвязняў.

«Акрамя таго, 27-гадовы жыхар Столінскага раёна разукамплектаваў вадамёт (вырваў гідрапомпы), а 26-гадовы менчук закідаў спецтэхніку камянямі. Яшчэ два 21-гадовыя хлапчукі з Нясвіжа і Магілёва падазраюцца ў тым, што заклеілі аб’ектыў камеры вонкавага назірання на будынку Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Асоба іх трэцяга саўдзельніка высвятляецца», – адзначаецца ў прэс-рэлізе МУС.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Затрыманых не толькі прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці, але таксама пагражаюць ім крымінальным пераследам паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Акрамя таго, у МУС адзначаюць, што «некаторыя затрыманыя з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі жнівеньскіх масавых закалатоў у Менску, у сувязі з чым цяпер праходзяць фігурантамі па крымінальнай справе».

Hавiны
За распаўсюд у інтэрнэце асабістых дадзеных міліцыянтаў распачата 19 крымінальных справаў
2020.10.05 19:34

Прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму 5 кастрычніка абвесціла, што супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС па Менску распачалі 19 крымінальных справаў супраць асобаў, якія публікавалі ў інтэрнэце звесткі пра міліцыянтаў і іх сваякоў, а таксама супраць тых, хто абражаў сілавікоў і пагражаў ім.

Працягваўся і судовы пераслед. У Гомлі супрацоўніка выдання «Моцныя навіны» Дзяніса Якштаса (яго затрымалі яшчэ 3 кастрычніка) пакаралі 15 соднямі арышту, а ў Магілёве 7 содняў арышту прысудзілі загадчыцы аддзелу літаратурна-драматычнай частцы тэатру і арганізатаркі беларускіх народных танцаў Вользе Семчанка.

Hавiны
У Магілёве судзілі працаўніцу драматычнага тэатру. За яе заступіліся акторы
2020.10.05 16:50

Акрамя таго, у менскім ізалятары на Акрэсціна змянілі правіла прыёму перадачаў для затрыманых: цяпер перадачы будуць прымаць толькі адзін дзень на тыдзень — па чацвяргах, з 10:00 да 18:00.

Гэтыя абмежаванні былі ўведзеныя на наступны дзень пасля таго, як пратэстоўцы прыйшлі да сценаў ізалятара падчас Маршу вызвалення палітвязняў. Пратэстоўцы пад лозунгі «Выпускай», «Караева пад суд», «Жыве Беларусь!» змясцілі на вароты і сцены ЦІП партрэтамі загінулых удзельнікаў дэманстрацыяў і бел-чырвона-белымі налепкамі, а на плоце чырвонай фарбай напісалі «Фашысты».

Паглыбленне міжнароднай ізаляцыі

Міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус паведаміў у сваім Twitter, што Літва адклікае свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацыяў.

Нагадаем, афіцыйны Менск 2 кастрычніка адклікаў для кансультацыяў сваіх амбасадараў у Польшчы і Літве і прапанавала амбасадарам гэтых краінаў зрабіць тое ж самае. Акрамя таго, уладам Польшчы і Літвы «прапанавана да 9 кастрычніка 2020 гады прывесці да парытэту з беларускімі замежнымі ўстановамі ў адпаведных краінах склад сваіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі». Для Літвы гэта, адпаведна, з 25 да 14 дыпламатаў, а для Польшчы – з 50 да 18.

Hавiны
МЗС Беларусі адклікае сваіх амбасадараў з Польшчы і Літвы
2020.10.02 20:13

Міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва не мае намеру адклікаць свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацыяў або скарачаць штат амбасады. Ён таксама паведаміў, што Літва ўзгадніла свае дзеянні з Польшчай.

Аднак 3 кастрычніка прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што агучаныя напярэдадні прапановы абавязковыя да выканання.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў