Ад Марока да Далёкага Усходу. Памежныя сутыкненні, якія прывялі і не прывялі да сапраўдных войнаў


У Керчанскай пратоцы адбыўся амаль паўнавартасны бой паміж караблямі расейскай памежнай службы і ўкраінскімі ваеннымі маракамі. Адкрываўся агонь на паражэнне, адзін карабель таранілі, ёсць параненыя. Шараговы інцыдэнт ці прадвеснік буры?

Belsat.eu сабраў некалькі гучных памежных інцыдэнтаў апошняга стагоддзя.

Скок драпежніка за каланіяльнай здабычай

Пачатак XX стагоддзя. Афрыка амаль цалкам падзеленая на калоніі і залежныя тэрыторыі еўрапейскімі краінамі – Францыяй, Гішпаніяй, Бельгіяй, Вялікай Брытаніяй. Аднак Нямеччына не паспела да «афрыканскага пірага» і адчувала сябе пакрыўджанай.

Вясной 1911 года ў Марока пачалося паўстанне мясцовых арабскіх плямёнаў супраць султана. Францыя пачала рух войскаў і ваенна-марскога флоту, каб адначасова з абаронай сваіх грамадзянаў узяць сітуацыю ў краіне пад уласны кантроль.

Нямецкая кананерка «Пантэра». Фота wikipedia.org

Аднак у аперацыю вырашыла ўмяшацца Нямеччына і, заявіўшы, што ў Марока ёсць і нямецкія грамадзяне, накіравала ў ліпені ў мараканскі порт Агадзір кананерскую лодку «Пантэра» (SMS Panther) і крэйсер «Берлін» (SMS Berlin) – адбыўся так званы «Агадзірскі інцыдэнт». Немцы планавалі, абвастрыўшы сітуацыю, выгандляваць сабе ці частку Марока ці нешта з каланіяльных уладанняў Францыі.

«Скок «Пантэры», як сталі называць нечаканае з’яўленне нямецкіх караблёў у чужога берага, узрушыў дыпламатыю ўсяго свету і выклікаў прапагандысцкую вайну ў прэсе Францыі і Нямеччыны. Сітуацыя ў Марока дайшла да ваеннага супрацьстаяння і любы неасцярожны стрэл мог выклікаць вайну.

Аднак у справу ўмяшалася Вялікая Брытанія і заявіла, што гатовая на вайну з Нямеччынай. У раён Марока пачалі падыходзіць брытанскія ваенныя караблі. У выніку Берлін пайшоў на саступкі і атрымаў толькі невялікую тэрыторыю ў Конга. Аднак жорсткая вайна словаў і распальванне варожасці паміж народамі не забылася, яшчэ больш абвастрылася гонка ўзбраенняў – свет працягнуў імкліва ісці да Першай сусветнай вайны.

Мост у пекла

Кітай сто год таму знаходзіўся ў жалю годным становішчы. За некалькі дзесяцігоддзяў ён прайграў шэраг войнаў, працягваліся ўнутраныя этнічныя канфлікты, былі страчаныя тэрыторыі. У выніку ў 1912 годзе імператарская дынастыя была зрынутая, і на месцы абсалютнай манархіі паўстала Кітайская рэспубліка. Аднак істотнага паляпшэння гэта не прынесла, працягваліся канфлікты і цэлыя грамадзянскія войны паміж разнастайнымі ваенна-палітычнымі кланамі і партыямі.

У той жа час Японія паспяхова рэфармавала манархію, перажывала імклівы эканамічны рост, разбудавала магутныя армію і сучасны флот. Паўстала пытанне і пра тэрытарыяльную экспансію – перш за ўсё працяг яе ў слабыя Кітай і Карэю. Барацьба Расеі і Японіі за гэтыя землі прывяла да расейска-японскай вайны, а перамога над расейцамі ў 1905 годзе паставіла Токіа ў адзін шэраг з самымі ўплывовымі дзяржавамі сусвету.

Мост Марка Пола зараз. Фота wikipedia.org

У ліпені 1937 года японскія часткі, якія былі размешчаныя пад Пекінам, згодна са шматбаковай дамовай 1901 года, праводзілі вучэнні. Ад кітайскіх войск яны былі аддзеленыя ракой Юндзінхэ, праз якую быў перакінуты праслаўлены яшчэ вандроўнікам Марка Пола старажытны мост Лугоў. Яго дагэтуль называюць «мостам Марка Пола».

Зранку 7 ліпеня кітайскія войскі атрымалі японскае паведамленне пра знікненне японскага жаўнера і пра тое, што японскае камандаванне падазрае, што жаўнер схоплены кітайцамі. Японцы патрабавалі дазволу ўвайсці ў крэпасць і абшукаць яе. Кітайскі генерал Цынь Дэчунь адхіліў патрабаванне японцаў.

У гэты ж дзень вечарам пачаліся абстрэл кітайскай крэпасці і лакальны бой за мост Марка Пола, які вёў да яе. Потым пачаліся перамовы і агонь быў спынены, аднак у другой палове ліпеня зноў пачаліся лакальныя сутыкненні японскіх і кітайскіх войскаў, якія перараслі ў баявыя дзеянні.

Японскія войскі ўваходзяць у Пекін. Фота warspot.ru

Хуткім наступам японцы адкінулі кітайскія ўрадавыя войскі і ўвайшлі ў Пекін 8 жніўня. Пачалася другая кітайска-японская вайна, якая прывяла да гібелі мільёнаў кітайцаў, і скончылася толькі з заканчэннем Другой сусветнай. Мост Марка Пола стаіць дагэтуль.

Згублены японскі жаўнер пазней быў знойдзены жывым і здаровым. Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, ці самі японцы арганізавалі «інцыдэнт», ці гэта, напрыклад, вынік правакацыі кітайскіх камуністаў, якім было выгадна распаліць канфлікт паміж Японіяй і войскамі антыкамуністычнай Кітайскай рэспублікі.

Бальшавіцкі спектакль

У 1939 годзе СССР пачаў усё гучней патрабаваць ад Фінляндыі тэрытарыяльных саступак і размяшчэння ваенных базаў на фінскай тэрыторыі – быццам бы для забеспячэння абароны Ленінграда. У Фінляндыі ж падазравалі, што справа не толькі ў тым, каб атрымаць добра развітыя тэрыторыі Карэліі і ваенныя базы, але і ў выніку паставіць краіну пад савецкі кантроль.

26 лістапада 1939 года пад вёскай Майніла прагучалі артылерыйскія стрэлы – і савецкае кіраўніцтва заявіла, што ад фінскіх снарадаў загінула чацвёра савецкіх вайскоўцаў, а 9 былі параненыя. Ад фінаў патрабавалі адвесці войска ад мяжы на 20-25 км.

У адказ фінскі ўрад заявіў, што па іх назіранняў абстрэл савецкай тэрыторыі адбыўся з савецкага ж боку, і дадаў, што ў фінскіх войскаў, якія стаяць у гэтым раёне, проста няма артылерыі такой дальнасці. Фіны прапанавалі стварыць сумесную камісію для вывучэння інцыдэнту і адвесці войскі абодвух бакоў ад мяжы. Фінскія прапановы былі адхіленыя Масквой.

Невялікі атрад фінскіх лыжнікаў падчас Зімняй вайны з СССР у 1939-1940 гадах. Фота wikipedia.org

Праз чатыры дні СССР напаў на Фінляндыю і заявіў, што плануе ўсталяваць там «уладу працоўных і сялянаў». Аднак, дзякуючы адчуванню нацыянальнай еднасці, мужнасці і добрай падрыхтоўцы фінскіх вайскоўцаў, Фінляндыя захавала незалежнасць.

У 1990-я гады вывучэнне савецкіх архіваў паказала, што савецкія войскі, хутчэй за ўсё, не мелі ніякіх стратаў 26 лістапада, а абстрэл вялі савецкія артылерысты.

Атакавалі «памехі»

У 1964 годзе Вʼетнам, як і Карэя, ужо не першы год быў падзелены на 2 дзяржавы – паўночную камуністычную і паўднёвую капіталістычную. Ужо амаль 10 год паміж двума дзяржавамі фактычна ішла вайна – камуністы, атрымліваючы зброю і інструктараў ад Кітая і СССР, лічылі, што трэба вызваліць «паўднёвых братоў» з-пад амерыканскага прыгнёту. А «паўднёвыя браты» зацята адбіваліся ад такога «вызвалення», прасілі аб дапамозе міжнародную супольнасць і атрымлівалі дапамогу ад ЗША.

Жаўнеры арміі Паўднёвага Вʼетнаму бяруць у палон камуністычнага дыверсанта. Фота wikipedia.org

Побач з берагамі Вʼетнаму ў Танкінскай затоцы стаяла групоўка амерыканскага флоту, якая дапамагала хаўруснікам авіяцыяй.

2 жніўня на амерыканскі эсмінец «Мэдакс» (USS Maddox) адбылася атака кацераў Паўночнага Вʼетнама, якія абстралялі карабель тарпедамі. У баі быў пашкоджаны кулямётным агнём адзін амерыканскі самалёт, былі падбітыя тры тарпедныя кацеры камуністаў, забітыя чатыры і параненыя шэсць паўночнавʼетнамскіх маракоў.

4-га жніўня амерыканцы паведамілі пра яшчэ адзін бой, аднак потым высветлілася, што 4 жніўня амерыканцы бачылі на радарах толькі памехі, а не рэальныя варожыя караблі і самалёты.

Паўночна-вʼетнамскія кацеры ідуць на амерыканскі эсмінец «Мэдакс» 2 жніўня 1964 года. Фота wikipedia.org

Паведамленні пра адразу два напады (хоць адзін з іх потым аказаўся толькі памылкай тэхнікі) прывёў да таго, што Кангрэс ЗША прыняў «Танкінскую рэзалюцыю», якая давала магчымасць прэзідэнту Ліндану Джонсану накіроўваць войскі для дапамогі ў любую краіну Паўднёва-Усходняй Азіі. Пачаліся актыўныя дзеянні амерыканскіх сухапутных войскаў у Вʼетнаме.

Бяскроўны прадвеснік анексіі

У 2003 годзе адбыўся хіба што першы этап супрацьстаяння паміж Украінай і Расеяй за кантроль у Керчанскай пратоцы. Нагодай для тэрытарыяльнай спрэчкі стала выспа Тузла.

Від з Крыму на выспу Тузла ў Керчанскай затоцы. Фота wikipedia.org

Расейскія ўлады заявілі, што выспа, якая знаходзіцца паміж украінскім Крымам і расейскай Таманню, належыць ім, хоць адміністрацыйна яна была часткай Крыму з 1941 года.

Адначасова Масква пачала будаваць без папярэдніх кансультацыяў з Кіевам дамбу на Тузлу. Абодва бакі пачалі свае будаўнічыя працы – украінцы рабілі затоку больш глыбокай, расейцы – каб вада па сутнасці размыла выспу цалкам. Гэта прывяло б да змены дзяржаўных межаў у Керчанскай затоцы.

Расейскі памежны карабель тараніць украінскі буксір 25-га лістапада 2018 года ў Керчанскай затоцы. Від з украінскага вайсковага кацеру. Фота wikipedia.org

21 кастрычніка 2003 года памежная служба Украіны зрабіла першае затрыманне ў Керчанскай затоцы – расейскага буксіра «Труженік», які парушыў тэрытарыяльныя воды Украіны. 2 снежня 2003 году на выспе быў усталяваны ўкраінскі памежны пост.

Канфлікт з часам спыніўся, бо Масква перастала будаваць дамбу. Аднак Расея не адмовілася ад прэтэнзіяў на Тузлу, а ў 2014 годзе сілавым шляхам анексавала і пустую выспу, і ўвесь Крым.

Аляксандр Гелагаеў, Belsat.eu

Стужка навінаў