Ад Берасця і да Уладзівастока. 168-ы дзень пратэсту беларусаў


Бел-чырвона-белы сцяг з надпісам «Жыве Беларусь» у пратэстоўца ў Маскве.
Фота: Медуза

Пратэсты 23 студзеня сталі ці не самымі масавымі ў новым годзе ў Беларусі. Пры гэтым пад беларускім сцягам пратэставалі сёння і ў суседняй Расеі.

Беларусы праявілі салідарнасць

Тэлеграм-каналы заклікалі ў суботу, 23 студзеня, заклікалі беларусаў утвараць Счэпкі салідарнасці. Акцыі рознага фармату і памеру пачалі ўтварацца з самай раніцы, калі яшчэ не развіднела, і працягваліся, калі ўжо сцямнела.

Разнастайныя маршы, ланцугі салідарнасці праходзілі ў розных кропках Менску: як у цэнтры, напрыклад, каля плошчы Перамогі, гэтак і на ўскраінах.

Пратэст у Менску 23 студзеня.
Фота: people.onliner.by

Таксама пратэставалі людзі і ў іншых населеных пунктах: Берасці, Пінску, Бабруйску, Міханавічах, Дзяржынску, Жабінцы, Ратамцы ды іншых.

У МУС Беларусі заявілі, што «на тэрыторыі Менску праходзяць кароткачасовыя несанкцыянаваныя акцыі, удзел у якіх бярэ нешматлікая колькасць чалавек». Нягледзячы на гэта, у цэнтр сталіцы былі сцягнутыя сілавікі, яны патрулявалі іншыя раёны гораду (напрыклад, Лебядзіны), нападалі на ўдзельнікаў акцыяў і нават затрымалі грамадскіх актывістаў, якія кормяць і аказваюць медычную дапамогу бесхацінцам, разам з самымі бесхацінцамі.

Станам на 21:00, паводле валанцёраў, былі затрыманыя 146 чалавек. Сярод іх – Леся Пчолка (Алеся Найдовіч), заснавальніца дабрачыннай крамы «KaliLaska» і арт-дырэктарка Незалежнай культурнай супольнасці «VEHA», а таксама аператар Аляксандр Мікрукоў, які супрацоўнічае з «Белсатам». Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра 129 затрыманых у Менску і каля 20-і ў рэгіёнах.

Рэкордныя акцыі па ўсёй Расеі

Адначасова акцыі пратэсту прайшлі і ў суседняй з Беларуссю Расеі. Там людзі выйшлі на заклік апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, які быў затрыманы 17 студзеня пасля вяртання на Радзіму. Палітык некалькі месяцаў лекаваўся за мяжой, будучы атручаным у Расеі.

Расейскія акцыі прайшлі ў больш як сотні гарадоў ад Масквы і да Уладзівастоку. Пры гэтым часта на акцыях луналі бел-чырвоны-белыя сцягі, як, напрыклад, у Маскве ці Санкт-Пецярбургу, або ўдзельнікі проста крычалі «Жыве Беларусь!» і выказвалі салідарнасць з нашай краінай, як у Іркуцку ці Іжэўску.

Найбуйнейшая акцыя прайшла ў Маскве – ад 20 тыс. («Белы лічыльнік») да 40 тыс. чалавек (Reuters). Паводле падлікаў, гэта найбуйнейшая акцыя прынамсі з 2013 года. У Санкт-Пецярбургу было да 30 тыс. пратэстоўцаў. Шматтысячныя акцыі таксама прайшлі ў Новасібірску, Екацярынбурзе, Уладзівастоку. У Якуцку пратэставаць выйшлі нават у 50-градусны мароз. Месцамі адбыліся сутыкненні з паліцыяй. Ужо распачата некалькі крымінальных справаў за гэта.

Паводле тэлеканалу «Дождь», 44% з тых, хто выйшаў на пратэст, сказалі, што робяць гэта ўпершыню. Гэта таксама з’яўляецца рэкордным паказнікам. Мінулы рэкорд быў 17%.

Паведамляецца пра 2501 затрыманага па ўсёй Расеі. Паліцыя паводзіла сябе жорстка, збівала людзей як на вуліцы, гэта і ў аўтазаках. Пацярпелі каля 50-і журналістаў, у тым ліку быў затрыманы наш калега з каналу «Вот Так» Арсеній Веснін.

Чарговая акцыя расейскай апазіцыі абвешчаная на наступныя выходныя.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў