Абвальнае падзенне: колькасць прыхільнікаў саюзу з Расеяй знізілася на траціну


Цягам 2019 года колькасць прыхільнікаў саюзу з Расеяй знізілася з 60,4 да 40,4 %. Пра гэта сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага.

Беларуская аналітычная майстэрня праводзіла даследаванне ў снежні 2019 года. Сярод апытаных – людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, прычым не толькі гарадское, але і сельскае насельніцтва. Выбарка склала 1061 асобу, рэспандэнты былі апытаныя метадам face-to-face (сам-насам).

Са звестак Беларускай аналітычнай майстэрні вынікае, што цягам 2019 года ў беларускім грамадстве адбылася змена геапалітычнай арыентацыі. Адсотак прыхільнікаў саюзу з Расеяй знізіўся з 60,4 да 40,4 %. Такім чынам, калі заўтра адбудзецца рэферэндум наконт геапалітычнага выбару Беларусі, то прыхільнікі саюзу з Расеяй не змогуць атрымаць абсалютнай большасці галасоў.

З верасня да снежня 2019 года адбывалася абвальнае падзенне прарасейскіх настрояў: колькасць прыхільнікаў саюзу знізілася на 14,7 % за чатыры месяцы (з 54,8 да 40,4 %). Адначасова ўзмацніліся праеўрапейскія настроі ў грамадстве: колькасць прыхільнікаў уваходжання ў Еўразвяз вырасла з 24,4 да 32 %.

Менавіта ў перыяд з верасня па снежань назіраўся пік інтэграцыйных перамоваў і звязаных з імі пратэстаў. У верасні 2019 года ўрады дзвюх краінаў узгаднілі праект праграмы дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі і спіс дарожных мапаў. Цягам кастрычніка-лістапада праходзілі ўрадавыя перамовы наконт зместу мапаў, а ў снежні чакалася (але так і не адбылося) падпісанне гэтых дакументаў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў. Цягам снежня ў Менску і іншых гарадах Беларусі адбылася серыя акцыяў у абарону незалежнасці і супраць інтэграцыі з РФ.

Абсалютная большасць беларусаў – 74,6 % – перакананыя, што Беларусь і Расея мусяць быць цалкам незалежнымі дзяржавамі, але мець сяброўскія дачыненні з адкрытай мяжой, адсутнасцю візаў і мытні. А вось 6,6 % апытаных лічаць, што стасункі з Расеяй не мусяць адрознівацца ад стасункаў з іншымі краінамі, – то бок, павінны існаваць закрытая мяжа, мытня і візы.

За аб’яднанне Беларусі ды Расеі ў саюзную дзяржаву выказаліся 12,8 % рэспандэнтаў, а за ўваходжанне ў склад РФ – толькі 3,7 %.

Акцыя пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Менск, 21 снежня 2019 г. Фота VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі ў інтэрв’ю belsat.eu адзначыў, што зніжэнне прарасейскіх настрояў цягам 2019 года можна падзяліць на два этапы: паступовы (са студзеня да верасня) і абвальны (з верасня да канца снежня).

«Раней такога не было ніколі, – падкрэслівае Вардамацкі, – Прычына тэктанічнага абвалу носіць медыйны характар. Рэч у тым, што змянілася танальнасць вяшчання беларускіх медыяў адносна самой Расеі, а таксама стасункаў Беларусі ды Расеі. Танальнасць набыла больш негатыўны характар».

На думку Вардамацкага, геапалітычныя погляды беларусаў у 2020 годзе працягнуць фармавацца пад уплывам сітуацыі ў беларуска-расейскіх стасунках і танальнасці медыяў пры асвятленні гэтых дачыненняў.

«Паступовы адкат назад магчымы, але гэта будзе дастаткова цяжка зрабіць. Бо назіраецца пэўнае зацвярдзенне трэнду на зніжэнне прарасейскіх настрояў», – дадаў ён.

ВІДЭА
Хто каго перахітрыў? Усё, што трэба ведаць пра вынікі года ў інтэграцыйных перамовах Беларусі і Расеі
2019.12.30 14:02

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў