Хто каго перахітрыў? Усё, што трэба ведаць пра вынікі года ў інтэграцыйных перамовах Беларусі і Расеі


Снежань 2019 года прайшоў пад знакам беларуска-расейскіх стасункаў: было шмат супярэчлівых заяваў, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся, каб дамовіцца пра паглыбленне інтэграцыі, але развязаць усе спрэчныя пытанні так і не здолелі. Напярэдадні Новага года belsat.eu тлумачыць, на якой стадыі цяпер перамовы, калі чакаць прарыву і хто каго перахітрыў на гэтым этапе.

Што цяпер з «дарожнымі мапамі»? Іх падпісалі?

Снежань не стаў вырашальным месяцам у інтэграцыйных перамовах Беларусі і Расеі. Чакалася, што 8 снежня адбудзецца паседжанне Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы, дзе Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпішуць новую інтэграцыйную праграму, якая ўключае ў сябе 31 «дарожную мапу». Аднак пасля няўдалых перамоваў Пуціна і Лукашэнкі 7 снежня ў Сочы паседжанне ў Маскве наагул адмянілі. Замест гэтага кіраўнікі Беларусі і Расеі сустрэліся 20 снежня ў Санкт-Пецярбурзе, аднак і там падпісанне «дарожных мапаў» не адбылося. З таго часу кантактаў на ўзроўні прэзідэнтаў або кіраўнікоў урадаў не было.

Пуцін, Мядзведзеў і Лукашэнка ў Сочы, 7 снежня. Фота – president.gov.by

Але двухбаковыя перамовы ў снежні не былі безвыніковымі: калі на пачатку месяца гаворка ішла (паводле розных афіцыйных заяваў) пра 10-16 няўзгодненых мапаў, то цяпер паведамляецца, што 30 «дарожных мапаў» ужо ўзгодненыя. Узгодненыя, але не падпісаныя. На дадзены момант абвешчана пра падпісанне на міністэрскім узроўні толькі мапы пра скасаванне роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве.

Калі адбудзецца падпісанне асноўнага пакету інтэграцыйных дакументаў – невядома. Амбасадар РФ у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў заявіў у інтэрвю «Известиям», што гэта мусіць адбыцца ў пачатку 2020 года і рэалізацыя «дарожных мапаў» будзе ісці «пакетным прынцыпам». Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Дзмітрый Круты ў сваю чаргу заяўляў, што новыя кантакты паміж Пуціным і Лукашэнкам могуць адбыцца яшчэ да канца года.

Пра што Масква і Менск так і не дамовіліся?

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Дзмітрый Круты 29 снежня ў інтэрв’ю «Беларусь-1» заявіў, што нявырашанымі застаюцца тры пытанні: газ, нафта і адзіны Падатковы кодэкс.

Нагадаем, афіцыйны Менск патрабуе ад Масквы зніжкі на цану на газ да ўзроўню Смаленскай вобласці і кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру. Менавіта з вырашэннем гэтых прынцыповых пытанняў беларускія ўлады ўвязваюць далейшую інтэграцыю – Лукашэнка абяцаў, што ў адваротным выпадку ён «дарожныя мапы» не падпіша.

Прэм’еры Дзмітрый Мядзведзеў і Сяргей Румас на перамовах у Маскве. Фота Reuters / Forum

Але Масква не ідзе на кампраміс. Прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў 23 снежня заявіў, што пра кампенсацыю ад падатковага манеўру можна будзе казаць толькі пасля рэалізацыі «дарожных мапаў», у тым ліку ў галіне падатковага заканадаўства. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін 19 снежня заявіў, што без вырашэння пытанняў саюзнага будаўніцтва (у тым ліку стварэння наднацыянальных органаў) Беларусь можа не разлічваць на тое, што атрымае цану на газ на ўзроўні Смаленскай вобласці.

24 снежня Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю «Эхо Москвы», што Расея наагул хоча павысіць кошт газу для Беларусі ў 2020 годзе да $ 152 за тысячу кубаметраў (у 2019-м было $ 127 за тысячу кубаметраў).

Трэба таксама звярнуць увагу, што заява Крутога стварае блытаніну ў падліку ўзгодненых «дарожных мапаў». Калі газ і нафта, імаверна, вынесеныя за дужкі «дарожных мапаў», то падатковае заканадаўства дакладна ўваходзіць у асноўны пакет інтэграцыйных дакументаў. Калі падатковае пытанне яшчэ не вырашанае, то ўзгодненых «дарожных мапаў» мусіць быць усё ж менш за 30.

Антыінтэграцыйны пратэст у Менску. 29 снежня 2019 года. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

31-я «дарожная мапа» – гэта што?

«Есць так званая 31-я дарожная мапа – гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў. Парламент, магчыма, прэзідэнт будзе і г. д.» – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвю «Эхо Москвы».

Лукашэнка быў вымушаны распавесці пра 31-ю мапу пасля таго, як пра яе ўзгадаў Мядзведзеў. 23 снежня расейскі прэм’ер заявіў, што 31-я мапа закранае пытанні наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру.

Лукашэнка ў інтэрвю «Эхо Москвы» падкрэсліў: яны з Пуціным дамовіліся пакуль не размаўляць на гэтую тэму і астатнія мапы з 31-й не ўвязаныя.

«Мы наагул выключылі размову на гэтую тэму яшчэ ў Сочы», – падкрэсліў ён.

Hавiны
Нацбанк пракаментаваў інфармацыю пра існаванне дарожнай мапы аб адзінай валюце
2019.12.24 10:58

Дык адзінай валюты і наднацыянальных органаў не будзе, можна не хвалявацца?

Па-першае, 31-ю «дарожную мапу» адклалі, але не выключылі з інтэграцыйных планаў. РБК са спасылкай на свае крыніцы паведамляў, што 31-й мапай Масква і Менск зоймуцца толькі пасля рэалізацыі астатніх 30, а гэта адбудзецца не раней за 2023 год. Фактычна пра тое ж раней казаў Мядзведзеў: спачатку рэалізацыя мапаў з 1-й да 30-й і толькі пасля гэтага «можна паглядзець» на 31-ю. Лукашэнка ў сваю чаргу не адмаўляецца ад палітычнай інтэграцыі і абяцае ўсё рэалізаваць.

«Калі мяне людзі выберуць на прэзідэнцкіх выбарах, вядома, я буду рэалізоўваць усе дамоўленасці і ўсе планы, 31-ю дарожную мапу. Я іх буду ўсе рэалізоўваць. Усё, пра што мы дамовімся з Расеяй, усё будзе рэалізавана», – сказаў ён у інтэрвю «Эхо Москвы».

Лукашэнка і Венедыктаў.
Фота: president.gov.by

Па-другое, сам факт таго, што пра палітычны змест 31-й мапы грамадства даведалася толькі з інтэрвю Лукашэнкі 24 снежня сведчыць пра непразрыстасць дамоўленасцяў Масквы і Менску, што шмат у каго выклікае заканамерную занепакоенасць.

Нагадаем, прэм’еры дзвюх краінаў Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў узгаднілі праект праграмы дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі і спіс «дарожных мапаў» яшчэ 6 верасня 2019 года. У наступныя тры месяцы беларускія ўлады няспынна паўтаралі, што мапы нібыта закранаюць толькі эканамічныя пытанні, пра палітычныя наднацыянальныя органы там гаворкі няма.

У інтэрвю «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што размову пра 31-ю мапу яны з Пуціным выключылі яшчэ ў Сочы – то бок на сустрэчы 7 снежня. Значыць, што насуперак усім заявам уладаў Беларусі аж да 7 снежня пытанне палітычнай інтэграцыі стаяла на парадку дня і толькі пасля Сочы яго вырашэнне адклалі на 3-4 гады.

Па-трэцяе, многія эксперты, палітыкі і грамадскія дзеячы лічаць, што рэалізацыя 30 эканамічных «дарожных мапаў» (нават без 31-й) дэ-факта азначае паглынанне Беларусі Расеяй.

Хто перамагае ў інтэграцыйных спрэчках – Пуцін або Лукашэнка?

Адказ на гэтае пытанне залежыць ад таго, якія мэты перад сабой ставіў Лукашэнка.

Калі мэтай Лукашэнкі ў 2019 годзе было захаваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, то ён яе дасягнуў – новая інтэграцыйныя праграма пакуль не падпісаная.

Але Лукашэнка мог наагул не весці перамовы пра паглыбленне інтэграцыі. «Ультыматум Мядзведзева», што быў агучаны ў снежні 2018 года, прадугледжваў два варыянты далейшых стасункаў Беларусі і РФ: або паглыбленая інтэграцыя, або захаванне цяперашняга стану рэчаў і адмова ад новых датацыяў для беларускай эканомікі. Лукашэнка распачаў інтэграцыйныя перамовы, разлічваючы атрымаць ад Масквы зніжкі на газ і кампенсацыю за «падатковы манеўр». Дасягнуць гэтага ён не змог, пры тым негатыўныя наступствы манеўру ўжо пачалі адбівацца на эканоміцы Беларусі. Таму казаць пра тое, што Лукашэнка перахітрыў Пуціна, не выпадае.

Меркаванні
Інтрыга 31-ай мапы. Ці надоўга адбіўся Лукашэнка ад Масквы?
2019.12.26 12:39

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў